На абаронцаў Курапатаў напала міліцыя?


У ноч на чацвер група невядомых атакавала абаронцаў Курапатаў

З-за кута будоўлі выбегла каля 15 чалавек з кіямі ў руках. У чорных масках, у чорнай вопратцы і з крыкамі яны атакавалі намётавае мястэчка абаронцаў Курапатаў. Кіямі па галовах яны білі людзей, якія пратэстуюць супраць пабудовы бізнес-цэнтру каля месца масавых расстрэлаў.

Пратэстоўцы а 4-й раніцы не спалі, але іх было менш, чымся нападнікаў. Дый людзі папросту не былі гатовыя да атакі.

«Прыехаў бард Мельнікаў, пачаў спяваць песні, і вось на другой песні гэта ўсё пачалося. Мельнікаў не паспеў нават азірнуцца, яму прыляцела ў галаву», – узгадвае журналіст «Белсату» Алесь Кіркевіч.

Адзін з нападнікаў крычаў: «Белая раса!»

«Рассеклі галаву нейкім драўляным калом паўтараметровым. Чалавек трымаў яго ў двух руках. Мяне збілі з ног, пачалася штурханіна, і мяне ўжо на зямлі ён прыпячатаў гэтым калом», – дзеліцца журналіст.

Атака была хуткай. Паламаўшы намёты і бел-чырвона-белыя сцягі, людзі ў чорным уцяклі. Абаронцы Курапатаў не ўпэўненыя, што гэта быў спецназ. Але кажуць, што міліцыя і забудоўнікі яўна маюць дачыненне да нападу.

«Тут міліцыя дзяжурыла з першага дня. Яны дзяжурылі кругласуткава, усё запісвалі на камеры. Але за пару гадзінаў да інцыдэнту яны ўсе раптоўна зніклі», – Павел Вінаградаў, абаронцаў Курапатаў і экс-палітвязень.

«Шлі электрыкі і адключылі два ліхтары, вось гэты і гэты. І мы не маглі зразумець, навошта адключаюць. Цяпер усё становіцца ясным: напад ад пачатку планавалі», – упэўнены Зміцер Дашкевіч, абаронца Курапатаў.

З пацярпелых толькі частка пастанавіла напісаць заяву ў міліцыю. У дадатак міліцыянты склалі пратаколы на саміх пацярпелых за ўдзел у начным несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Наперадзе юрыдычныя бойкі

Курапаты – не проста народны мемарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, гэта аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Сёння Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў звярнулася ў КДБ і Галоўбудэкспертызу. У заяве напісана пра магчымыя карупцыйныя схемы ды парушэнні падчас праектавання будоўлі з умяшаннем у ахоўную зону.

Ці занадта блізка будоўля офіснага цэнтру знаходзіцца ад месца масавых пахаванняў, ці дастаткова далёка? Меркаванні на гэты конт розныя. Але зразумела адно: у выніку дзеянняў міліцыі і гарадскіх уладаў гісторыка-культурнае пытанне Курапатаў зноўку ператварылася ў палітычны канфлікт.

Чаму ж інвестару аддаюць кавалак недатыкальнай зямлі?

Да будаўнічай пляцоўкі прыйшлі больш за сотню жыхароў мікрараёну Зялёны Луг. Да патрабаванняў актывістаў яны далучыліся, штопраўда з іншай аргументацыяй: паўстанне комплексу з імі ніяк не ўзгаднілі.

«Калі мы збіраліся – я яшчэ малая тады была, бацькам прапаноўвалі таксама жыхары дамоў прапаноўвалі збудаваць дзіцячую пляцоўку, зноў жа паркоўку – нам сказалі «не», маўляў культурніцкая зона, нічога будаваць нельга. А праз пяць год аказваецца, што ўжо прададзена і на незаконных умовах», – падкрэслівае мясцовая жыхарка Аляксандра.

Мясцовыя жыхары сабралі каля 900 подпісаў за адмену будоўлі

Актывісты, што з панядзелка дзяжураць на месцы, заяўляюць, што бізнес-цэнтр, які будуецца побач з урочышчам, пагражае мемарыялу, а сам дазвол на будаўніцтва быў нібыта атрыманы праз хабар. У сваю чаргу Сяргей Несцераў – кіраўнік адказнай за праект «Белрэканструкцыі» – адкідае абвінавачанні ў махлярстве і нагадвае, што шэраг будынкаў стаіць яшчэ бліжэй да мемарыялу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, чымся будучы бізнес-цэнтр.

Яраслаў Сцешык, Усевалад Шлыкаў, «Белсат»