МЗС Украіны: кантакты з Беларуссю пастаўленыя на паўзу


Украіна «ставіць на паўзу» афіцыйныя стасункі з Беларуссю. Ды не выключае санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Як гэткі крок афіцыйнага Кіеву ацэньваюць эксперты дзвюх краінаў – даведаемся з матэрыялу Анастасіі Русецкай.

Кіеў прыпыніў кантакты з уладамі Беларусі. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба і ўдакладніў:

«Мы не разрываем адносінаў з Беларуссю. Мы ставім на паўзу рыхтаванне і правядзенне афіцыйных сустрэчаў паміж нашымі краінамі. Але для разрыву дыпламатычных стасункаў няма ніякіх падстаў пакуль што».

Паўза працягнецца да стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Гэтак пастанавілі зрабіць, каб не дыскрэдытаваць Украіну кантактамі з беларускімі ўладамі, якія душаць масавыя антыўрадавыя хваляванні – кажа аналітык Інстытуту стратэгічных даследаванняў Валер Краўчанка:

«Такім чынам, мы даем сігнал пратэстантам, што фактычна мы не гатовыя мець зносіны з Лукашэнкам як нічога ніякага, як быццам нічога не адбываецца ў краіне і такім чынам мы падтрымліваем негалосна цяпер мітынгоўцаў і дэмакратычную Беларусь, якая, дай Божа, з’явіцца ў блізкай будучыні».

Ці падтрымліваюць жыхары Кіева пастанову ўкраінскага Міністэрства замежных справаў прыпыніць стасункі з Менскам?

«Я лічу, што гэта няправільна, бо Беларусь – не краіна-агрэсарка. Таму спыняць з імі адносіны, я лічу, недальнабачна – з суседзямі трэба збольшага сябраваць».

«Украіна павінна максімальна падтрымаць беларускі народ, ягонае права на свабодныя выбары прэзідэнта, парламенту, мясцовых дэпутатаў. Бо тое, што мы бачым апошнія 25 гадоў у Беларусі, – гэта проста фальсіфікацыя волевыяўлення беларусаў. І людзі не вытрымалі і выйшлі супраць таго, што ім намалявалі 80 %».

Паўза ў стасунках паставіла пад пагрозу правядзенне ў кастрычніку ў Горадні Трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі ды Украіны.

«Украіна – трэці гандлёвы партнёр Беларусі, гэта вельмі важная краіна для Беларусі, і прыпыненне афіцыйных стасункаў значна ўскладніць адносіны Украіны з Беларуссю. У тым ліку шэраг эканамічных адносінаў, якія мы маем. І гэта відавочны інструмент ціску на беларускія ўлады», – гаворыць палітолаг Андрэй Ягораў.

Праз фальсіфікацыю вынікаў выбараў і здушэнне мірных пратэстаў Украіна таксама дапускае ўвядзенне санкцыяў супраць Беларусі.

«Мы ўжо далучыліся да папярэдняй заявы Еўрапейскага Звязу з гэтай нагоды, і гэта сведчыць, што мы цалкам падзяляем яго палітыку і падыходы», – сказаў міністр замежных справаў УкраіныДмытро Кулэба.

Грамадзянам жа Беларусі, якія захочуць прыехаць ва Украіну, каб уратавацца ад рэпрэсіяў, дадуць прэферэнцыі. Абмежаванні, уведзеныя праз каронавірус, на іх распаўсюджвацца не будуць.

Анастасія Русецкая, «Белсат»