Мюнхен: Пэнс – за бяспеку, Мэркель – за газ


16 лютага 2019 года. Віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс паціскае руку канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель падчас штогадовай Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Фота – Michael Dalder / Reuters

Расея адмаўляецца падтрымліваць ініцыятывы для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе падчас украінскіх выбараў, а таксама не супрацоўнічае ў пытаннях адводу цяжкага ўзбраення і спынення агню. Пра гэта ў Нямеччыне заявіў Курт Волкер, адмысловы прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, адзін з удзельнікаў Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі.

Мюнхенская канферэнцыя бяспекі прайшла за тры дні, у суправаджэнні мірных антываенных пратэстаў і высокіх захадаў бяспекі. Абышлося без інцыдэнтаў. Тэматыка шырокая: ад іранскай ракетна-ядравай праграмы да ўзроўню выдаткаў на бяспеку.

«Калі мы абмяркоўваем кола гэтых пытанняў, робіцца відавочна, што большасць праблемаў не могуць быць развязаныя самастойна нават наймагутнейшаю дзяржаваю», – мяркуе Томас Грэмінгер, генеральны сакратар АБСЕ.

Відэаверсію матэрыялу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 17 лютага:

Агулам у сталіцы Баварыі сабраліся 35 дзейных прэзідэнтаў і прэм’ераў ды каля 90 міністраў. Ад Расеі прыехаў Сяргей Лаўроў, каб агучыць старую пазіцыю: Захад, маўляў, не можа без Расеі, таму давайце перазагрузім стасункі.

«Еўрапейцы далі сябе ўцягнуць у бессэнсоўнае супрацьстаянне з Расеяй і нясуць шматмільярдныя страты ад прынесеных з-за акіяну санкцыйных установак«, – запалохваў еўрапейцаў з трыбуны Сяргей Лаўроў.

Гаспадар імпрэзы – нямецкі ўрад – выступіў супраць разрыву стасункаў з Расеяй, найперш эканамічных. Нямеччыне патрэбныя танныя энерганосьбітыў, таму яна разглядае расейскі газаправод «Паўночная плынь – 2» выключна як камерцыйны праект.

«Мы вядзем станоўчы дыялог са Злучанымі Штатамі наконт аднаго ці двух тэрміналаў звадкаванага газу ў Нямеччыне для дыверсіфікацыі нашага спажывання. Гэта б азначала большую энергетычную бяспеку Еўропы. У той жа час мы вядзем перамовы з еўрапейскімі партнёрамі пра рэгуляванне «Паўночнай плыні – 2», каб улічыць усе занепакоенасці», – выказаў афіцыйную пазіцыю Пэтэр Альтмаер, нямецкі міністр эканомікі.

Канцлер Ангела Мэркель з трыбуны паабяцала Пятру Парашэнку, што пасля пабудовы «Паўночнай плыні – 2» транзіт газу праз Украіну будзе гарантавана дзеяць, і Масква не зможа пагражаць перакрыць пастаўкі.

«Малекула расейскага газу – гэта малекула расейскага газу, праходзіла яна праз Украіну ці Балтыйскае мора. Таму на пытанне, наколькі мы залежныя ад расейскага газу, нельга адказаць так проста – які трубаправод яго пампуе. І ніхто не хоча залежаць выключна ад Расеі», – запэўнівала Ангела Мэркель.

За гэтыя словы нямецкага канцлера раскрытыкаваў Майк Пэнс. Віцэ-прэзідэнт ЗША папярэдзіў, што ягоная дзяржава не зможа гарантаваць бяспекі Еўразвязу, калі частка еўрапейскіх дзяржаваў сама ідзе ў залежнасць ад Усходу.

Hавiны
Эмацыйная Мэркель, адсутнасць Лукашэнкі. Чым запомнілася канферэнцыя па бяспецы ў Мюнхене
2019.02.17 11:08

«Апошнія падзеі ў Керчанскай пратоцы напамінаюць пра выклікі, з якімі Украіна сутыкаецца штодзень з прычыны расейскай агрэсіі, і я хачу запэўніць вас, што Злучаныя Штаты будуць і надалей падтрымліваць Украіну і супрацьдзеяць спробам Расеі сілаю змяніць межы дзяржаваў«, – заявіў Майк Пэнс падчас сустрэчы з Пятром Парашэнкам.

«Мы вельмі ўдзячныя за праграму санкцыяў, якую толькі што прадставіў наш амерыканскі партнёр. Гэта яшчэ адна важная частка нашай супрацы», – падзякаваў за падтрыманне ўкраінскі прэзідэнт.

Наступная Мюнхенская канферэнцыя пройдзе праз год, 14-га лютага.

Яраслаў Сцешык