Аб'ектыў 11.12.2018 «Мяне выкралі з дому і змясцілі ў псіхіятрычную лякарню». Улады ціснуць на актывістаў


Затрыманні, штрафы і арышты – не адзіныя метады ўздзеяння на грамадзянаў, што адкрыта выказваюць сваю незадаволенасць уладамі. Ціснуць на актывістаў і праз так званую карную медыцыну – прымусова змяшчаюць у псіхіятрычныя шпіталі. Гэтак давесці незаконнасць свайго ўтрымання ў псіхлякарні цяпер спрабуе гомельскі актывіст Генадзь Падальніцкі.

Падставаю звярнуцца ў суд на дзеянні міліцыянтаў і медыкаў для Генадзя Падальніцкага сталася змяшчэнне яго сёлета ў жніўні ў Гомельскую абласную псіхіятрычную лякарню. Падтрымаць грамадскага актывіста прыйшлі ягоныя паплечнікі. Толькі вось паседжанне абвесцілі закрытым.

«Мяне ўсе ведаюць, разумееце? Вы ведаеце. Мае людзі. Я калі-небудзь сябе вёў неадэкватна? Га? Як яны выражаюцца», – гаворыць Генадзь Падальніцкі, кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Самаабарона».

Шакавальнаю неспадзяванкаю сталася і іншая інфармацыя, якую Падальніцкі пачуў на закрытым паседжанні: маўляў, ён стаіць на псіхіятрычным уліку ажно з 2002-га года. Тым не менш з гэтага часу актывісту не забаранялі карыстацца ўласным аўтам.

«Падальніцкі – гэта пацярпелы бок. Ягонае здароўе было закранутае. Ён не заяўляў такога хадайніцтва аб закрытым паседжанні праводзіць. Тут проста пытанне псіхіятрыі міліцыі ўзніклі, і тут слізкае пытанне, якога суд не хацеў выносіць на публічны агляд», – каментуе Алесь Яўсеенка, праваабаронца.

Генадзь Падальніцкі звязвае сваё змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню з планамі асабіста перадаць скаргі і звароты людзей кіраўніку краіны, які меўся ў той час прыехаць у Гомель. Такі лёс напаткаў і берасцейскую актывістку Наталлю Папкову, калі яна стала браць удзел у акцыях пратэстаў супраць Дэкрэту нумар тры. Спачатку ў Менску, а пасля – арганізоўваць маршы недармаедаў у Берасці. Наталля Папкова, грамадская актывістка, распавядае:

«Проста выкралі з дому, калі я выходзіла з пад’езду. Нікому не паведамілі, ні сястры, ні маці, куды мяне вязуць, і нават мне не паведамілі, куды мяне вязуць і навошта. А пазней аказалася, што па санкцыі пракурора гораду мяне змясцілі ў псіхіятрычную лякарню».

Там жанчыну пратрымалі тры дні, цягам якіх не дапускалі да яе адвакатаў і праваабаронцаў. Хаця па выніках псіхіятрычнай экспертызы кабету прызналі здаровай. Аб практыцы гэткіх захадаў у дачыненні непажаданых для ўладаў асоб распавядаюць і праваабаронцы. У тым жа Гомлі апроч Падальніцкага раней на псіхіятрычнае лекаванне скіроўвалі пенсіянера Віктара Курлукова, спробы ўжывалі і ў дачыненні дэпутаткі Капліцкага сельсавету Розы Стрэльчанкі. І гэта толькі вядомыя выпадкі.

«Ведаеце, чаму баяцца да нас звяртацца? У сувязі з тым, што гэта закрытая структура, каб не было пасля ад дактароў дадатковых лекаў або жорсткіх абмежаванняў у чым-небудзь», – тлумачыць Алег Волчак, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву».

Праз скаргі пэўны ціск выкарыстоўвалі і ў дачыненні Падальніцкага. Актывіст хварэе на астму, цукровы дыябет і мае праблемы з сэрцам, аднак ва ўстанове яму не аказвалі належнай медычнай дапамогі. Працяг разгляду ягонай справы прадоўжыцца 18-га снежня.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары