Мянчук: Смешна, калі кіраўнік МУС абмяркоўвае з Лукашэнкам хакей


Для спартоўцаў у Беларусі робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма. Аляксандр Лукашэнка не хаваў сёння расчаравання вынікамі беларускага спорту.

«Спорт як важнейшая ідэалагічная прылада дзяржаўнай палітыкі гэтак і не стаўся для беларусаў крыніцаю нацыянальнага гонару», – наракаў кіраўнік краіны.

Без усялякай канкурэнцыі ды альтэрнатывы, Лукашэнка быў пераабраны прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

«Гэта супярэчыць Алімпійскай хартыі, якая дае ўстаноўку, што найвышэйшая асоба ў дзяржаве на мае права кіраваць Нацыянальным алімпійскім камітэтам», – зазначыў журналіст Ігар Карней.

Лукашэнка рашуча, вызначаў новыя спартовыя рубіконы

«Праз два гады нашая краіна прыме Еўрапейскія гульні, у 2021 у нас адбудзецца Чэмпіянат свету па хакеі», – папярэдзіў галоўны спартовец Беларусі.

Аднак перад тым, каб казаць пра новыя заданні, варта зазірнуць у апошнія дваццаць гадоў, калі на чале алімпійскага камітэту нязменна стаяў кіраўнік Беларусі.

Хто мусіць кіраваць спортам?

Ці на чале нацыянальнай спартовай структуры мусіць стаяць кіраўнік краіны, а ўсе важныя функцыі ў кіраванні спортам выконваць пераважна чыноўнікі, а не сапраўдныя прафесіяналы?

«Яны не ведаюць знутры ўсю гэтую кухню, як працаваць з іншымі людзьмі, як працаваць са спартоўцамі, яны не разумеюць, што трэба спартоўцам».

«Гэта смешна, калі кіраўніка МУСу выклікаюць да Лукашэнкі, каб абмеркаваць справы ў хакеі. А ўсё іншае ў нас у парадку?».

«Трэба каб кіравалі спартоўцы, прафесіяналы. Яны сваё жыццё аддалі на гэтую прафесію. Яны ведаюць яе лепш чымся чыноўнікі».

– упэўненыя жыхары Менску.

Лукашэнка абяцаў змены

У спартовых колах загаварылі пра новы план, паводле якога нацыянальныя федэрацыі меліся ачоліць паспяховыя спартоўцы. У палове траўня істотную змену правялі, між іншага, у Беларускай федэрацыі біятлону, калі на пасадзе яе кіраўніка старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка замяніў заслужаны трэнер Андрыян Цыбульскі. Аднак усяго некалькі дзён пазней усё вярнулася да звыклай нормы. На чале Федэрацыі хакею Беларусі стаў Сямён Шапіра, тады ўжо былы старшыня Менскага аблвыканкаму.

А таму нярэдка, спорт у Беларусі робіцца закладнікам незразумелых пастановаў кіраўніцтва краіны. Сёння падчас выступу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выдаткі Нацыянальнага камітэту трэба скараціць на чвэрць. Не далей як учора кіраўнік краіны загадаў не шкадаваць грошай на святочны парад, прысвечаны Дню Незалежнасці.

«Лукашэнка не будзе адразаць у сябе»

«Для Беларусі, якая апынулася ў стане эканамічнага крызісу гэта азначае адно – трэба ад нечага адразаць. Лукашэнка не будзе адразаць у сябе, ён не будзе адразаць ад сваёй сямʼі ў шырокім сэнсе. Забяруць у настаўніка, доктара», – упэўнены палітык Анатоль Лябедзька.

«Адразанні» ж азначаюць, што, нягледзячы на суворую крытыку кіраўніка краіны, новыя спартовыя правалы яшчэ наперадзе.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: president.gov.by