Мянчук: Самы галоўны карупцыянер сядзіць у нас наверсе


Атрыманне і даванне хабару. Гэткія правапарушэнні могуць інкрымінаваць шэрагу мясцовых чыноўнікаў і бізнесоўцаў, затрыманых у Мар’інай Горцы. Сярод ужо вядомых імёнаў – Сяргей Ленкавец, кіраўнік Пухавіцкага раёну, ды Іван Гумоўскі, генеральны дырэктар холдынгу «Пухавіцкі аграпрадукт».

Жыхар Пухавічаў дзеліцца меркаваннем:

«Сказалі, што яны адкупяцца. Але я сумняюся. Калі затрымалі старшыню райвыканкаму, то адкупіцца будзе складаней».

У складзе холдынгу, якім кіраваў Гумоўскі, – калгас, свінакомплекс, мясазавод, сетка крамаў, СТА, будаўнічае прадпрыемства і турыстычны комплекс. Сяргей Ленкавец – чыноўнік са стажам. Шэсць гадоў ён кіраваў Бярэзінскім райвыканкамам, а ў 2015-м – узначаліў Пухавіцкі. Як жылося пад ягоным кіраваннем, мы пацікавіліся ў жыхароў Пухавічаў:

«Самі бачыце – крамаў мала, дарогі дрэнныя. Ліхтары па цемнаце таксама – два ліхтары на ўсю вуліцу».

«Я не скажу, што ніхто нічога не глядзіць. Вунь жа і лужына была яшчэ год таму, і гразь была».

Днямі стала вядома пра затрыманне кіраўніка Жодзіна Юрыя ШАрага. Следчы камітэт падазрае яго ў карупцыі. Ці сведчыць такая ўвага следчых, што карупцыя існуе перадусім на мясцовым узроўні? Не – сцвярджае Сяргей Антончык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету, аўтар справаздачы пра карупцыю ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі:

«Аснова сістэмы – гэта прыватызацыя краіны. Купка чыноўнікаў прыватызавала краіну. Потым ператварылі краіну ў таварыства з абмежаванай адказнасцю. Потым нанялі менеджараў. Гэтыя менеджары – гэта старшыні выканкамаў, раённых, абласных, гарадскіх саветаў».

Летась паводле справаў, звязаных з карупцыяй, у Беларусі асудзілі каля васьмісот кіраўнікоў і чыноўнікаў. Але ці эфектыўныя а́рышты і адстаўкі ў барацьбе з хабарніцтвам?Распавялі Менчукі:

«Карупцыю гэта ніяк не дапаможа выкараніць. Гэта маё ўласнае меркаванне, бо гаечны ключ выносяць – у турму. Вагоны крадуць – і нічога. Калі кагосьці за штосьці ўзялі, гэта хтосьці штосьці паміж сабой не падзяліў».

«Самы галоўны карупцыянер сядзіць у нас наверсе, які прызначае гэтых самых карупцыянераў. Гэта проста колазварот у прыродзе гэтых людзей».

«Яны толькі выгляд робяць, і нічога не атрымліваецца».

«Тое, што яны крадуць, яны кралі і красці будуць. Вось і ўсё».

Паводле міжнародных рэйтынгаў ацэнкі карупцыі, у Беларусі сітуацыя выглядае лепей, чымся ў суседніх Расеі і Украіне. Аднак на міжнародным узроўні нашая краіна па-ранейшаму адстае ад большасці дзяржаваў Еўропы. Больш за тое, цягам пяці гадоў, з 2012-га да 2017-га, сітуацыя з карупцыяй у Беларусі пагоршылася. Дык навошта патрэбныя гучныя затрыманні чыноўнікаў? Каментуе Андрэй Елісееў, палітолаг, дырэктар даследаванняў у цэнтры EAST:

«Часта здараюцца такія выпадкі, калі пагаршаецца эканамічнае становішча. Ці калі падае рэйтынг улады. Гэта добрая прылада падняць рэйтынг, бо карупцыя – гэта вечная тэма, з якой, уласна, Лукашэнка і прыйшоў да ўлады. І гэтую карту час ад часу выкарыстоўвае».

Паводле адмыслоўцаў, найбольш распаўсюджаная карупцыя там, дзе праходзяць буйныя фінансавыя плыні, – у сферы дзяржаўных закупак. Каб змяніць сітуацыю, трэба прынамсі наладзіць сістэму кантролю за тэндарамі, а таксама зрабіць незалежнаю судовую сістэму.

Юлія Лабанава, belsat.eu