Аб'ектыў 04.11.2019 Мядзведзеў раскрытыкаваў Лукашэнку за словы пра Айчынныя войны


Дзмітрый Мядзведзеў з падачы дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі раскрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за іншы погляд на гістарычныя падзеі. А канкрэтна на дзве вайны, якія ў Расеі называюць Айчыннымі.

На што пакрыўдзіўся Мядзведзеў? На словы Лукашэнкі, сказаныя роўна 2 тыдні таму ў інтэрв’ю казахскаму інфармацыйнаму агенцтву «Хабар». Кіраўнік Беларусі, між іншага, узгадаў, што і Айчынная вайна 1812 года, Першая і Другая сусветныя войны прынеслі краіне і народу разбурэнні, але не былі нашыя.

«Мы самі вызначаемся сваім лёсам. Але галоўнае – Беларусь да і Казахстан заўжды былі пад чыёйсьці пугай. Нехта нас падганяў, на калені спрабаваў паставіць. Асабліва ў Беларусі. Усе гэтыя войны – не нашыя войны», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Нур-Султане 21 кастрычніка.

Сёння ў Бангкоку гэтыя словы Лукашэнкі Мядзведзеву нагадаў працаўнік дзяржаўнага радыё «Маяк» з нагоды расейскага свята Дня народнага адзінства.

«Мы ні ў якім разе не мусім кідаць нават нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі або Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў… Гэта не ўдзел у чужых войнах, таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы», – адказаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Мядзведзеў узгадаў, што сёння Расея святкуе вызваленне ад інтэрвентаў у 1612 годзе. Інтэрвенты ў Маскву прыйшлі тады, між іншага, з сённяшніх беларускіх земляў – войска Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай.

Расейскія медыі падалі словы свайго прэм’ера як жорсткую крытыку Лукашэнкі, нават са словамі пра «аплявуху за страту сораму». А што думаюць беларусы пра войны, якія расейская гісторыя заве Айчыннымі?

«Частка беларусаў выступала на баку Напалеона, бо яны спрабавалі адстаяць сваю незалежнасць. А далей была Расейская Імперыя, і мы толькі пацярпелі».

«Былі ўцягнутыя за кошт Расейскай Імперыі або Савецкага Саюзу».

«Беларусь ніколі не адносілася да Расеі з добрай волі».

«Нашая краіна была плацдармам для баявых дзеянняў, была, ёсць і, не дай бог, будзе», – адказалі жыхары і госці Менску.

Абедзве Вялікія Айчынныя вайны, як іх называюць у Расеі, пачаліся значна пазней, чым баявыя дзеянні ў Еўропе з удзелам расейскіх войскаў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары