«Мы з агнём на роўных размаўляем...». 15 год без Анатоля Сыса


«Калі Бог пашле паэта ў хату –

Пасадзіце на чырвоны кут.» А. Сыс.

Анатоль Сыс – паэт, адна з найярчэйшых зорак творчага небасхілу пачатку 90-х. Сёння мінае 15 гадоў з дня ягонага сыходу, але дыяменты радкоў пад агранкай часу блішчаць усё мацней.

Як па зорках, па расе

твой апошні шлях праляжа,

памірай, а жыта сей.

Рунь пра сейбіта раскажа.

Анатоль нарадзіўся ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну. Спачатку спрабаваў стаць акторам, а ў выніку скончыў філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэту, і ўжо з другога курсу пачаў публікаваць вершы, спачатку – у рэгіянальнай, потым у агульнанацыянальнай прэсе. Аднакурснікі, сярод якіх былі Алесь Бяляцкі ды Эдуард Акулін, добра помняць Анатоля з таго часу. Узгадвае літаратар і бард Эдуард Акулін:

«Ён быў першым ва ўсім: ад умення чытаць вершы са сцэны, ад умення танцаваць і да ўмення прымусіць усіх, хто ішоў на танцы, пацалаваць нацыянальны сцяг. У тыя часы, у 80-я, гэта было ўчынкам.»

У 1988-м Сыс выдаў першы зборнік вершаў «Агмень» і па рэкамендацыі Уладзіміра Някляева быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Эмацыйныя, поўныя болю і неўтаймаванасці вершы сталі адкрыццём нават для вядомых і сцверджаных творцаў, кажа пісьменнік Адам Глобус:

«Сыс гэта чысты паэт. У чыстым варыянце. Такой з’явы, як Сыс, у нас пасля Караткевіча, напэўна, не было, такой яркай, запамінальнай, фенаменальнай. І калі народ сабраў грошы на помнік Сыса, то значыць, у нас ёсць паэт, якому народ збірае на помнікі.»

У сталіцу, якая напрыканцы 80-х віравала, хаваючы савецкасць, харызматычны Сыс уварваўся энергічнай маланкай: па-акторску віртуозна дэкламуючы вершы, ён лёгка скараў і залы, і плошчы, а ўжо ў 1989-м другім зборнікам «Пан Лес» давёў беларусам, што перад намі – сапраўдны паэт.

Дарога полем – да маці.

Дарога лугам – да бацькі.

Дарога рэчкай – да любай.

Але

І полем, і лугам, і рэчкай

Іду заўжды да Радзімы.

Радзіма як лёс і найбольшая каштоўнасць – стрыжань паэзіі Сыса, а бескампрамісная любоў, глыбіня метафараў і багацце сусветаў у вершах скаралі. Песні на ягоныя вершы, як «Ластаўка» ці «Белая лебедзь» Касі Камоцкай, даўно сталі класікаю. Як класікам стаў і сам аўтар, кажа Адам Глобус:

«Сыс – геній. Вось у чым уся праблема, і гэтая праблема для Сыса была ракавая. Калі ты геній і ты разумееш, што ты геніяльны паэт, ты сутыкаешся з вялізным супрацівам: супрацівам грамадства, супрацівам зайздроснікаў. І вось прамінула 15 гадоў ад смерці Сыса – а зайздрасць яшчэ не знікла.»

Ярка гарэў і хутка згарэў – Анатоль сам запачаткаваў гэты вобраз, распавёўшы пра пажар у ноч ягонага нараджэння. Агонь як стыхія напаўняў ягоныя вершы, і, здаецца, бег замест крыві ў жылах. Пра гарачае жыццё паэта ходзяць легенды, але гэта менавіта Сысу належыць і слынная прамова на мітынгу на Дзяды ў далёкім 1987-м – паэт агучыў тады імёны ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў, фактычна ўпершыню ў нацыянальнай гісторыі. Адам Глобус так тлумачыць жыццёвую амплітуду паэта:

«Калі чалавек выбітны, ён сутыкаецца з такой праблемай, што ён сам са сваёй геніяльнасцю не можа справіцца. Ён сам не можа яе ўтаймаваць. І адпаведна ёсць заняпады, ёсць нейкія экзальтаваныя паводзіны, ёсць боль, які немагчыма спыніць. І для Сыса гэта было драмай. Ён пражыў драматычнае жыццё.»

Пагаджаецца і Эдуард Акулін, аднакурснік і шматгадовы сябра творцы:

«Усё жыццё Анатоля Сыса – гэта дзёрзкі выклік смерці. Смяротны двубой Анатоль прайграў. Але ўсё адно застаўся пераможцам, пакінуўшы нам у спадчыну свае геніяльныя, неўміручыя творы.»

«Дух – гэта, людзі, я!» – пад гэткай назвай у Гарошкаве, роднай вёсцы Анатоля, творцы штогод ладзяць свята паэзіі, дзе гучаць вершы Сыса, поўныя агню і роздумаў, сонца і ценяў. Што б хацелася бачыць наперадзе? На думку Адама Глобуса, як мінімум – каб паўсталі мемуары:

«Хацелася б, каб людзі, якія яго бачылі, паспелі напісаць успаміны. Хацелася б пабачыць кнігу ўспамінаў пра Анатоля Сыса».

Тым часам нават зборнікаў вершаў Анатоля Сыса не знайсці сёння ў крамах. Хоць гэта ягонае «З чаго пачаць? Пачну з Радзімы» варта было б чуць у школах на ўроках роднае мовы.

Вольга Гардзейчык belsat.eu