«Мы такія ж, як магілёўскія каровы». Пад Менскам пратэстуюць супраць дзейнасці каналізацыйнага палігону


Гектары сажалак у сапраўднасці – месца збору каналізацыйных сцёкаў усяго Менску. Сёння гэта прычына канфлікту паміж уладамі ды мясцовымі жыхарамі.

Пасялковы клуб у Прывольным ледзь змясціў усіх ахвотных сустрэцца з прадстаўнікамі «Менскводаканалу», санітарных, прыродаахоўных службаў, мясцовага сельскага савету. Жыхары Менскага раёну распавядаюць:

«Мы – жыхары вёскі Лысаўшчына, якая найбліжэй да гэтай памыйкі. Нас усё жыццё труцяць. На пачатку там быў асфальтавы завод. Калі мы ўвосень здымалі яблыкі, то ў нас рукі былі чорныя ад смалы. Цяпер нас труцяць гэтай памыйкай з Гатава».

«Васямнаццатую сажалку будуюць з вялікімі парушэннямі – так будаваць нельга, ніяк. Правільна казалі падчас апошняга сходу – мы ўсе папросту памрэм».

Каналізацыйныя выкіды сталіцы займаюць сямнаццаць катлаванаў на некалькі гектараў, і рыхтуюцца новыя тэрыторыі.

«Гэта экалагічная сітуацыя і вельмі сур’ёзная – смурод проста немажлівы. Вось уявіце, што трыццаць градусаў спёка і нельга адкрыць акно, бо смурод стаіць у паветры. Бялізна смярдзіць, якая высыхае, і яе трэба перамываць. Жахліва. Дзяцей на двор не выпусціць, бо жаляцца: на ваніты цягне», – кажа мясцовая жыхарка.

«Ніхто ў нас нічога не запытвае, якая ў нас вада, ніхто не правярае. А паветра прыязджаюць правяраць тады, калі вецер дзьме ў адваротны бок», – заяўляе Леанід Гучак, жыхар вёскі Сіняло.

Жыхары – вёсак Сіняло, Лысаўшчына, Серафімава ды іншых ладзяць не першую сустрэчу з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў, але праблема застаецца без развязання.

«Праводзілі сход на адстойніках, прыязджалі начальнікі, адзін прыехаў і кажа: мне ў кабінеце не пахне», – узгадвае стараста вёскі Сіняло Анатоль Лепяціла.

«Мы апынуліся ў тым жа становішчы, што і нашыя магілёўскія каровы. Бачылі іх у тэлевізары? Вось мы такія ж», – абураецца мясцовы жыхар.

Прадстаўнікі санітарных службаў, аднак, сцвярджаюць, што санітарныя нормы паводле чысціні паветра ў рэгіёне не парушаныя.

«Яны адпавядаюць нормам. У нас няма перавышэнняў паводле тых замераў, якія мы робім», – заяўляе прадстаўніца Менскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі.

Вяскоўцы дамагаюцца, каб улады прынялі ўсе магчымыя захады для паляпшэння стану. І перакананыя, што праблема мусіць развязвацца на найвышэйшым узроўні.

«Калі спыніць працу гэтых глеевых пляцовак, то ўсе фекаліі застануцца ў Менску. Аднымі санітарнымі службамі гэтай праблемы не развяжаш. Мы гэта разумеем, але мы хочам, каб санітарныя службы станавіліся на бок людзей пры перамовах з «Менскводаканалам», у Менгарвыканкаме і Адміністрацыі прэзідэнта. Каб санітарныя службы казалі, што, сапраўды, – гэта агромістая праблема для людзей», – кажа каардынатарка ініцыятыўнай групы Аліна Башура.

У красавіку ініцыятыўная група жыхароў мае быць на прыёме ў старшыні Менгарвыканкаму Анатоля Сівака, каб запрасіць яго на агульны сход зацікаўленых жыхароў Менскага раёну.

Галіна Абакунчык, belsat.eu