Аб'ектыў 02.06.2017 «Мы самі ў шоку»: каб запісаць дзіця ў школу, бацькі начуюць на вуліцы


Запісаць дзіця ў найлепшы клас школы, што паблізу ад дому, і яшчэ каб у класе была група падоўжанага дня – місія для бацькоў будучых першакласнікаў.

Ці проста яе выканаць?

«Мы самі ў шоку, што такі ажыятаж тут».

«Я не думала, што ў звычайную школу могуць быць такія чэргі!».

– прызнаюцца бацькі.

Кожны стараецца аддаць дзіця ў школу, пра якую чуў добрыя водгукі, ці нават да канкрэтнага настаўніка.

Аднак першынства ўсё ж за будучымі вучнямі, што жывуць бліжэй. Шмат якім бацькам важна таксама запэўніць дзіцяці магчымасць хадзіць у групу падоўжанага дня, што не заўсёды магчыма.

Стартаваў прыём і ў гімназіях

У сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання на адсутнасць маленькіх абітурыентаў традыцыйна не скардзяцца.

«Тут валацугі не лаюцца матам, і 99 адсоткаў паступаюць у ВНУ – такога нідзе няма», – падкрэслівае жанчына.

Жыхарам жа навейшых раёнаў сталіцы – такіх, як Лошыца ці Каменная горка, выбіраць не даводзіцца: школаў там не стае. У сталіцы загружанасць адукацыйных установаў няроўная.

Менску патрэбныя школьныя аўтобусы

«У некаторых школах, асабліва ў цэнтры Менску, школы неўкамплектаваныя. Атрымліваецца, што некаторыя школы неўкамплектаваныя і іх трэба падтрымліваць, а ў іншых раёнах трэба будаваць новыя. І гэта нават з эканамічнага гледзішча нерацыянальна», – распавядае Дзяніс Кобрусеў з кампаніі «Генплан – для Менчукоў!».

Як адзін з варыянтаў развязання праблемы спадар Кобрусеў бачыць арганізаваныя аўтобусы, што давязуць дзяцей у цэнтральныя школы. Бо да выканання нормы – 145 школьных месцаў на адну тысячу жыхароў – у новых раёнах яшчэ далёка.

Пакуль жа бацькі спадзяюцца, што сын ці дачка сядзе за парту пажаданай школы. А ў школах гарачая пара прыёму дакументаў чакаецца не толькі бліжэйшымі днямі, але ў жніўні: перад самым пачаткам навучальнага года звычайна падаюць дакументы бацькі, што не маглі вырашыць, ці аддаць дзіця ў першы клас у 6 гадоў, ці пачакаць, пакуль споўніцца сем.

Марына Вашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары