«Мы працуем законна». Сэканд-хэнды адказваюць старшыні «Беллёгпраму»

Папулярнасць сэканд-хэндаў у Беларусі расце. Яно і зразумела. Напрыклад, швэдар, які выглядае як новы, каштуе 16 рублёў. І гэта без зніжкі. Нізкі кошт і някепская якасць. Гэта і прыцягвае пакупнікоў у такія крамы.

Наведнікі менскіх сэканд-хэндаў:

«Забег тут во, ведаеце, такі эксклюзіўчык трапляецца: ухапіў, прыбраўся, пайшоў. Прынцэска на раз – і цудоўна».

«Па-першае, нядорага, што вельмі важна. Па-другое, тут вопратка, якой не сустрэнеш у ніводнай краме беларускай, яна часцей за ўсё імпартная. Таму можна апрануцца ўнікальна».

«Я, напрыклад, сюды вельмі часта заходжу, яны даступныя, мала таго, што і так недарагі тавар, а яшчэ яны ўцэньваюць свае рэчы».

«Гэта мы сюды прыходзім, каб набыць нейкія рэчы для разнастайнасці, а для кагосьці гэта ж адзіная магчымасць набыць рэчы цяплейшыя, абутак».

Беларускія прадпрымальнікі прывозяць ужываныя рэчы ў асноўным з-за мяжы – Літвы, Нідэрландаў, Польшчы ды іншых заходнееўрапейскіх краінаў. Паводле Белстату, летась у нашую краіну імпартавалі ўжыванай вопраткі на 87 мільёнаў долараў. Гэтая лічба ўвесь час расце. Напрыклад, яшчэ чатыры гады таму сэканд-хэнду завезлі на суму, у чатыры разы ніжэйшую. Пры гэтым і на экспарт такая вопратка таксама ідзе. Праўда, у значна меншай колькасці.

Але што добра спажыўцам, не заўсёды на руку айчыннай прамысловасці. Прынамсі гэтак мяркуе старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна, якая яшчэ ў чэрвені наракала на папулярнасць сэканд-хэндаў, а ва ўчорашнім эфіры СТВ запрапанавала ўвогуле прыбраць з цэнтру такія крамы.

«Магчыма, калі не закрыццё, то прынамсі вынясенне яго з нейкіх абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліцаў. Мы за чэсную канкурэнцыю, калі нашыя прадпрыемствы вытрымліваюць усе патрабаванні тэхнічнага рэгламенту, мы правяраем на ўсе паказнікі бяспекі, таму і на рынку хочацца, каб усе аналагічна працавалі», – казала Таццяна Лугіна, старшыня канцэрну «Беллёгпрам».

На ўжываную вопратку не распаўсюджваюцца патрабаванні тэхнічнага рэгламенту. Паводле Таццяны Лугіной, вопратку не дэзынфекуюць у нашай краіне. Але працаўнікі сэканд-хэндаў нагадваюць, што ўся прадукцыя апрацоўваецца перад тым, як трапляе ў Беларусь.

«Мы робім усё, што прадпісвае нам заканадаўства, у нас усё па правілах. У людзей павінен быць выбар. Праехаўшы ўсю Еўропу і СНД, насамрэч паўсюль ёсць гэтыя крамы, яны маюць права існаваць побач з іншымі гандлёвымі цэнтрамі», – кажа менеджарка сеткі крамаў «Эканом-сіці» Марыя Данільчык.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю можа сапраўды ўзяцца за сэканд-хэнды і выканаць прапанову «Беллёгпраму».

«Тут ёсць інтарэсы самога прэзідэнта. Ён гадоў 5 таму ўзяўся асабіста дапамагчы вывесці з крызісу «Канволь», прадпрыемствы, якія зацікаўленыя, каб замежныя аналагі вопраткі тут не канкуравалі», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

У канцэрн «Беллёгпраму» уваходзяць 96 арганізацыяў. Пераважная большасць займаецца трыкатажнаю, швейнай і тэкстыльнаю вытворчасцю. З гэтае лічбы яшчэ летась каля траціны прадпрыемстваў былі стратныя.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама