«Мы не маем прымаць у сваёй краіне дыктатара». За топлес-пратэст будуць судзіць


Пратэст актывісткі «Фэмэн» Анджэліны Дыяш дэ Кінташ стаўся найбольш запамінальным момантам сустрэчы Парашэнкі з Лукашэнкам напярэдадні ў Кіеве.

Апошнюю ноч Анджэліна Дыяш правяла ў ізалятары. Адметна, што ўкраінскія праваахоўнікі цягам гадзінаў не пускалі да жанчыны адваката. Цяпер ёй інкрымінуюць крымінальны артыкул: хуліганства ў дачыненні чыноўніка, а нават супраціў прадстаўніку органаў улады, што можа карацца штрафам або зняволеннем да 5-ці гадоў.

«Ужо Фэмэн праводзіла дастаткова шмат акцыяў на тэрыторыі Ўкраіны, і ніколі, якімі б яны не былі спрэчнымі, якімі не былі б абуральнымі, ніколі актывісткі Фэмэн не атрымлівалі якое-небудзь сурʼёзнае пакаранне – альбо ніякага, альбо абмяжоўваліся штрафам», – кажа журналіст радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Пакуль жа Анджэліну Дыяш адпусцілі пад падпіску пра нявыезд. Сутнасць справы яна пракаментавала ўкраінскаму каналу 112.

«Мы не маем прымаць у сваёй краіне дыктатара. Краіна, у якой паміралі за дэмакратычныя свабоды, цяпер распасцірае абдымкі. Гэта не былі ніякія злачынныя дзеянні, як мне цяпер інкрымінуюць. Гэта была проста акцыя пратэсту», – заявіл актывістка Анджэліна Дыяш.

Але ці быў гэта добры спосаб, каб паказаць сваю незадаволенасць? «Белсат» запытаў менчукоў, ці ўхваляюць яны такія формы пратэсту.

«Ну акцыя спадабалася, так. Свая форма пратэсту».

«Адмоўна я да гэтага адношуся».

«Калі хтосьці прыгожы, чаму б не. Кожны варʼяцее як хоча».

«Калі больш няма чым прыцягнуць увагу, то прынамсі гэтым людзі спрабуюць прыцягнуць увагу».

Учорашняя акцыя не першы пратэст руху «Фэмэн», скіраваны супраць Лукашэнкі. Гэтак, 19-га снежня 2011-га года, у гадавіну разгону Плошчы, «феміністкі» зладзілі дзёрзкую акцыю ў Менску, на прыступках будынку КДБ.

«Прыязджалі да нас нейкія голыя жанчыны з Украіны, як яны называюцца… Фэмэн. І мяне там паказвалі, праўда ў мяне не такія грудзі як у іх, хадзілі, ціліпаліся. Мне: ды мы іх! Кажу, не чапайце», – казаў Лукашэнка ў кастрычніку 2012 года.

Насамрэч тады спецслужбы Лукашэнкі абышліся з кабетамі даслоўна па-бандыцку: актывістак захапілі, абрэзалі валасы і, абліўшы зялёнкаю, пакінулі ў лесе без дакументаў. Тады ад расправы актывістак «Фэмэн» уратавала толькі ўмяшальніцтва ўкраінскай амбасады.

 

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»; фота – censor.net.ua