«Мы будзем людзі-бамжы!» Чаму эканамічная інтэграцыя таксама скрэслівае незалежнасць?


Выглядае, што афіцыйны Менск напярэдадні перамоваў Пуціна і Лукашэнкі застаецца на сваіх пазіцыях. Адмыслоўцы папярэджваюць: пераход пад расейскія законы і падаткі будзе азначаць страту значнай часткі незалежнасці.

Санкт-Пецярбург. У пятніцу 20 снежня тут пройдзе нефармальны саміт кіраўнікоў ЕўрАзЭС. Запланаваная і працоўная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ды Уладзіміра Пуціна.

«Не будзе ні Лукашэнка, ні Пуцін (асабліва Лукашэнка) падпісваць нейкія сур’ёзныя паперы ў шматбаковым фармаце. Гэта бессэнсоўна з палітычнага пункту гледжання», – заяўляе рэдактар парталу «Наше Мнение» Валерыя Касцюгова.

Дэталі дакументаў, вакол якіх ідуць перамовы, ні Менск, ні Масква не раскрываюць. Іх са спасылкаю на ананімныя крыніцы агучваюць толькі расейскія выданні «Коммерсантъ» ды РБК. Паводле тых, паглыбляць інтэграцыю Беларусь і Расея пачнуць пасля прыняцця адмысловай праграмы. Якія мэты ставіць гэты дакумент?

Як сцвярджае газета «Коммерсантъ», Беларусь і Расея паабяцалі:

– абʼяднаць працу мытняў і гандлёвую палітыку ажно да ўвядзення эмбарга на заходнія прадукты;

– уніфікаваць правілы працы фірмаў, нафтавыя і газавыя рынкі, а таксама падаткі.

Калі і як гэта зрабіць – акрэсліць 31 дарожная мапа. Няўзгодненыя застаюцца 8. Улады Беларусі заяўляюць, што перамовы – эканамічныя. Пытанняў, якія абмяжуюць наш суверэнітэт, кшталту стварэння наднацыянальных органаў, Менск і Масква не абмяркоўваюць.

«Нельга паглыбленне інтэграцыі, якая абмяркоўваецца цяпер, лічыць выключна эканамічным працэсам. Яна наўпрост прывязаная да выканання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», – каментуе аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Без наднацыянальных кантрольных органаў, супольнай валюты, а таксама законаў аб падатках і датацыях даваць Беларусі танныя нафту і газ немагчыма. Свой погляд на інтэграцыю сёння агучыў Уладзімір Пуцін:

«Забягаць наперад і датаваць Беларусі тое, што мы не гатовыя рабіць ва ўмовах недавырашанасці пытанняў саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылкова», – падкрэсліў кіраўнік Расеі.

Калі Менск уніфікуе законы з Расеяй – якія будуць наступствы?

«Яны будуць катастрафічныя. […] Беларуская дзяржава страціць паўнавартасны кантроль над ключавымі эканамічнымі зонамі», – папярэджвае Андрэй Ягораў.

Ці баяцца страты незалежнасці беларусы? Вашай увазе меркаванні жыхароў Гомля:

«Увогуле баімся! Мы хацелі б застацца краінаю незалежнай!»

«Чым хутчэй Беларусь акажацца нейкаю вобласцю Расеі – тым лепш будзе для ўсіх, толькі не для нацыяналюгаў!»

«Нічога страшнага! Я, напрыклад, расейка!»

«Без незалежнасці не будзе і нас. Мы будзем людзі-бамжы!»

«Аляксандр Рыгоравіч! Не прадавайце людзей і краіну!»

Нават калі Лукашэнка падпіша інтэграцыйныя дамовы, Беларусь незалежнасці не страціць – супакойвае Валерыя Касцюгова:

«Шмат якія дакументы, якія былі падпісаныя, выконваліся кожным з бакоў толькі ў выгаднай ім частцы. Так робіць і Беларусь, і Расея. Малаверагодна, што гэтая звычка неяк раптоўна зменіцца», – нагадвае палітолаг.

Калі Пуцін напярэдадні сустрэчы ў Пецярбурзе размаўляў з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка размаўляў з сілавікамі. Зацверджаны ім план абароны ставіць перад арміяй дзве галоўныя задачы: перадухіляць вонкавую агрэсію і змагацца са спробамі развязаць узброены канфлікт унутры краіны.

Аляксандр Папко belsat.eu