Аб'ектыў 16.01.2018 Мужчына, які парэзаў спецназаўцаў, невінаваты?


Галоўны фігурант справы – 30-гадовы жыхар Мазыра Андрэй Рабешка. Яго абвінавачваюць у крадзяжы і замаху на забойства. Летась у красавіку ў двор да мужчыны ўварваліся пяцёра ў цывільным, двое з іх былі ў масках.

У спробе абараніцца Рабешка выкарыстаў нож

«Калі Андрэй пачаў спускацца з лесвіцы, дачка пабачыла, што збоку забягаюць гэтыя людзі, і крыкнула – Андруха! І ўсё, больш яна нічога не паспела крыкнуць, на яго наляцелі», – узгадвае цешча абвінавачанага Валянціна Страха.

Грамадзянская жонка Андрэя Рабешкі бачыла, як пяцёра збівалі ейнага мужа нагамі, а той крычаў «За што?». Тое, што гэта быў не бандыцкі напад, а захоп «небяспечнага рэцыдывіста», Гомельскім упраўленні ўнутраных справаў патлумачылі толькі праз 2 дні.

Рабешка здолеў даць адпор, параніўшы ажно траіх

Тут, як цвердзіць праваабаронца Беларускага хельсінкскага камітэту Алесь Яўсеенка, узнікае пытанне да прафесійнай падрыхтоўкі сілавікоў.

«Гэта спецназ, людзі спецыяльную падрыхтоўку маюць, і што ён адзін змог скажам даць ім адпор, гэта паказнік, што АМАП настроены на тое, каб разганяць толькі людзей, дэманстрацыі, якія не аказваюць супраціву», – кажа Алесь.

Андрэй Рабешка перад судом не ўпершыню

Шэсць гадоў ён адседзеў у турме за рабаўніцтва, пасля вызвалення паехаў у Нямеччыну. Як цвердзяць сілавікі, працягнуў крымінальнае жыццё і там, займаўся крымінальным аўтабізнесам. У выніку яго дэпартавалі ў Беларусь. Паводле міліцыі, на радзіме ён думаў пра тое, каб адрадзіць «зладзейскія традыцыі». Цяпер, паводле аператыўных звестак, Андрэя Рабешку разам з паплечнікам Аляксандрам Падабедавым вінавацяць у крадзяжы зварачнага апарата і мойкі высокага ціску агульным коштам Br 1356 рублёў

Рабешка адмаўляе абвінавачанне.

Падставаю для пранікнення на прыватную тэрыторыю праз плот да Андрэя Рабешкі сталася нібыта пастанова на правядзенне ператрусу паводле факту крадзяжу. Аднак чаму сілавікі праніклі на прыватную тэрыторыю праз плот ды не паказалі пастанаўлення, маўчаць дагэтуль?

Пацярпелы ж, у якога нібыта скралі зварачны апарат і мойку высокага ціску, у суд не прыехаў. Паводле экспертаў, справа папросту шытая белымі ніткамі ды сілавікоў прымушаюць выкручвацца за недарэчна зладжаны захоп.

«Ён не здзейсніў, нават, калі і скраў, не здзейсніў цяжкае злачынства, за якое яго трэба захватваць такім чынам. Гэта робіцца проста. Днём прыходзіце з пастановаю на ператрус, прад’яўляеце, ажыццяўляеце ператрус. Ёсць ён там, уцёк, нікуды ён не дзенецца. За 500 долараў не трэба тут нагнятуць абстаноўку», – упэўнены былы міліцыянт Уладзімір Няпомняшчых.

Разгляд справы працягнецца заўтра.

Юлія Лабанава, Кастусь Жукоўскі, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары