Муфтый Беларусі: «Нам адмаўляюць у будове мячэцяў – і нават не абгрунтоўваюць»


З нагоды свята Курбан-байраму «Белсат» паглядзеў, як святкуюць адно з найважнейшых святаў ісламу ў Гомлі і Іўі, а таксама паразмаўляў з муфтыем Духоўнай управы мусульманаў Беларусі Алі Варановічам.

Беларускія мусульмане распачалі святкаванне аднаго са сваіх найважнейшых святаў – Курбан-байраму.

Рэпартаж са святкавання гомельскай мусульманскай грамады глядзіце ў выданні навінаў за 11 жніўня

Неабходны атрыбут у гэтыя дні – ахвярная жывёла. Яна звязаная з гісторыяй прарока Ібрагіма, якому Алах наказаў прынесці ў ахвяру свайго сына, але ў апошні момант, прызнаўшы адданасць Ібрагіма, дазволіў яму замяніць чалавечую ахвяру на барана.

«Лічыцца пажаданым, як рабіў прарок Мухамэд. Трэцюю частку мяса гатавалі і частавалі сяброў, суседзяў, знаёмых. Трэцюю частку давалі жабракам і бедным, трэцюю частку жывёлы давалі для пачастунку сваёй сям’і», – кажа імам Сяргей Саранчук, кіраўнік мусульманскай грамады Гомля.

Прыблізна так робяць і цяпер. Але ахвяра – гэта не ежа, а важны сімвал.

«Свята ахвярапрынашэння, як гэта па-расейску. Вучыць нас, каб мы ахвяравалі тым, што нам дарагое. Дзеля Бога, але не ў сэнсе, што яму гэта патрэбнае, а гэта наш арыенцір! Ён устанаўлівае, каб нам жылося добра, нашай душы і тым, хто вакол нас!« – кажа верніца Наталля Прахарэнка.

А вакол, як правіла, збіраюцца самыя блізкія, каб добра пабавіць час у гэты дзень

«Дараваць адно аднаму салодкае, вяселле і добры настрой», – кажа вернік Махамед Квіка.

Свята Курбан-байрам мае быць часткаю пілігрымкі ў Мекку. Але далёка не кожны мусульманін можа трапіць туды, таму вернікі мусяць выконваць кульмінацыйную частку там, дзе цяпер ёсць.

Паводле муфтыя Алі Варановіча, у Беларусі 24 мусульманскія грамады, толькі агульную колькасць мусульманаў падлічыць складана. А сярод іх ёсць і беларусы, і расейцы, і татары. Прыблізная колькасць мусульманаў у краіне – 50 тысячаў. Мусульмане прызнаюць, што нават у Беларусі, якая гэтак хваліцца сваёй талерантнасцю, часцяком даходзіць да непаразумення, калі вернік кажа пра сваю рэлігію.

«Часта асацыююць мусульманіна з нейкім тэрарыстам адразу. Хоць большасць мусульманаў ніяк не звязаная з тэрарызмам, гэта мірныя людзі», – адзначае муфтый Духоўнай управы мусульманаў Беларусі Алі Варановіч.

Мае свае лакальныя праблемы і гомельская грамада мусульманаў.

«Калі мы звяртаемся да ўладаў па дазвол пабудаваць мячэць, нам адмаўляюць і нават не абгрунтоўваюць!» – дадае Алі Варановіч.

Менавіта так адбылося з апошняю спробаю разгарнуць будоўлю мячэці ў Ляхавічах Берасцейскай вобласці. Агулам жа ў Гомлі налічваюць каля трох тысяч мусульманаў, якія гэтымі летнімі днямі асабліва шчаслівыя.

Кірыл Смяглікаў/«Белсат», фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum