«Можна згубіць дзяцей, абараняючы сябе». Чаму ў Беларусі колькасць ахвяраў сямейнага гвалту расце?


Сёлета ад сямейнага гвалту ў Беларусі загінула ўжо 55 чалавек, а за адпаведны перыяд мінулага года – 48. Праблема відавочная, але казаць пра яе адкрыта беларусы баяцца. Нашая гераіня за свае 30 гадоў не аднойчы станавілася ахвяраю хатняга гвалту, але можа распавесці пра гэта толькі на ўмовах ананімнасці.

«У адносінах з мужчынамі я перажыла як фізічны, гэтак і маральны гвалт. У мяне быў зламаны нос, у мяне быў струс мозгу, рассечанае брыво, вельмі глыбокі шнар, а таксама мужчына мяне прыніжаў, псаваў маю маёмасць, не даваў мець зносіны з вонкавым светам», – кажа жанчына, якая прасіла не называць свайго сапраўднага імя.

Паводле праваабаронцы Наталлі Шкадун, да яе з праблемаю хатняга гвалту найчасцей звяртаюцца жанчыны, якія перабываюць не ў афіцыйным шлюбе, маюць дзяцей.

«Пад гвалт падпадаюць жанчыны, але сказаць, што ў гэтай сітуацыі дзеці не падпадаюць, яны таксама падпадаюць пад гвалт, бо яны бачаць здзекі з маці, збіццё, і, у прынцыпе, дзеці таксама часам трапляюць пад удары, пакаранне», – тлумачыць праваабаронца Наталля Шкадун.

Калі казаць аб прычынах цяжкіх цялесных пашкоджанняў і забойстваў у цэлым па Беларусі, то 83% такіх выпадкаў здзяйсняюцца пад уздзеяннем алкаголю. У чым прычыны хатняга гвалту, адказваць жыхары Магілёва:

«Гарэлкі не піць проста і ўсё элементарна проста: усе беды ад гарэлкі».

«Людзі не вельмі клапоцяцца пра псіхічны, псіхалагічны стан адзін аднаго і саміх сябе».

«Алкаголь, чым больш бацька будзе бухаць, тым больш будзе вас збіваць».

«Залежыць ад выхавання і асабісты прыклад, калі дзеці бачаць, калі ў сям’і адбываюцца такія разлады».

Марына мае няпоўнагадовае дзіця і для яе гэта ўжо дастатковая прычына, каб не выклікаць міліцыі падчас хатніх скандалаў. Жанчына сведчыць:

«Прыехала міліцыя, забралі яго ў апорны пункт, але пасля гэтага пачалося яшчэ горш: да мяне пачалі прыходзіць з сацыяльнай абароны, з дзіцячага садка, з паліклінік, пачаліся правяранні, нас хацелі паставіць на ўлік як сацыяльна небяспечную сям’ю».

Паводле афіцыйных звестак, штогод у міліцыю паступае каля 100 тысячаў званкоў ад ахвяраў хатніх скандалаў. Колькі яшчэ людзей магло б звярнуцца па дапамогу, калі б не баяліся наступстваў?

«Пакуль не будзе перагледжаны дэкрэт аб пастаноўцы перабывання дзяцей у сацыяльна небяспечным стане, не ведаю, ці будуць звяртацца рэальна па дапамогу, бо рызыка вялікая, пастаноўка на ўлік, забіранне дзяцей з сям’і, згубіць можна значна болей. Можна згубіць дзяцей, абараняючы сябе», – лічыць праваабаронца Наталля Шкадун.

У Беларусі ўжо разглядаўся законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, ён прадугледжваў комплексны падыход да развязання праблемы, праект нават падтрымалі зацікаўленыя міністэрства, але не падтрымаў Лукашэнка. Праваабаронцы заклікаюць звяртацца да іх ці ў грамадскія арганізацыі ды нават у самай бязвыхаднай сітуацыі не здавацца, а абавязкова дзеяць і дабівацца бяспекі ў сям’і.

Вольга Васільева, belsat.eu