«Можна было без гэтага ажыятажу абысціся» – чарга ў беларускамоўную гімназію


На што ідуць дзеля дзяцей? На падворку менскай беларускамоўнай гімназіі бацькі будучых першакласнікаў правялі сённяшнюю ноч. Пачаўся прыём дакументаў у школы.

«Была мэта трапіць сюды, і ўсе былі ў добрым настроі, не было негатыву».

«Быў план набору 96 чалавек, а падало дакументы, наколькі я ведаю, 88».

«Насамрэч усё было не так страшна, як панікавалі бацькі. Насамрэч можна было без гэтага ажыятажу абысціся».

«Ажыятаж узнік праз мінулыя гады, з таго часу, як адмянілі ўступныя іспыты», – распавядаюць бацькі будучых першакласнікаў чацвертай гімназіі.

Уступныя іспыты ў пяты клас гімназіі адмянілі на пачатку 2018. З таго часу ў гімназіі, як і ў звычайныя школы, набіраюць вучняў паводле месца жыхарства, а кожны, хто скончыў тут чатыры класы, аўтаматычна трапляе ў пяты. Летась каля чацвертай гімназіі ночылі больш за сотню бацькоў, у першы клас сюды трапілі не ўсе ахвотныя. Абіраюць менавіта гімназію нумар чатыры для сваіх дзяцей менчукі не толькі таму, што яна беларускамоўная:

«Наадварот, думаю многім дзецям навучанне на беларускай – гэта пэўныя складанасці».

«Сама гімназія на высокім узроўні, адукацыя на высокім узроўні».

«Як я чуў пра гэтую гімназію – адна з лепшых у гэтым раёне, да таго ж яна на беларускай мове, я б хацеў каб дзіця навучалася на беларускай мове».

«Я сама яе скончыла, таму ў мяне вельмі добрыя ўспаміны».

«У мяне ўжо другое дзіця тут, мне вельмі падабаецца, вельмі добрыя настаўнікі».

«Многія з маіх сяброў вучыліся тут, і вельмі задаволеныя ўзроўнем ведаў і ўсяго, што тут адбываецца».

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка лічыць, што чарга ў гімназію адлюстроўвае рынкавую сітуацыю попыту і прапановы ў галіне адукацыі:

«Калі б мы жылі ў грамадстве, дзе ёсць магчымасці для развіцця прыватнай адукацыі, то, канечне, калі б у нейкую школу быў большы попыт – яны б думалі, як гэты попыт задаволіць».

Аналітык падкрэслівае: дысбаланс паміж попытам і прапановай у галіне ведаў адбываецца праз тое, што ў сістэме адукацыі дамінуе дзяржава, а прыватная сярэдняя адукацыя застаецца ў задушаным, зарэгуляваным стане.

«Тое, што мусіць рабіць сістэма, – гэта дазваляць не стаяць людзям уначы ў чэргах, а неяк больш разумным спосабам гэта рэгуляваць. У гэтым сэнсе, можа, тыя ж экзамены ў гімназіі ды магчымасць нейкай канкурэнцыі не ў тым, хто ноччу болей пастаяў з бацькоў, а канкурэнцыі ведаў – гэта, можа, мела б больш сэнсу», – лічыць Вадзім Мажэйка.

Прыём дакументаў у чацвертую гімназію Менску, як і ва ўсе школы Беларусі, працягнецца да 15 жніўня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»