«Можа, душы загінулых бачаць нас і ганарацца». Рэпартаж з фэсту на Крапівенскім полі


Намёт, касцёр, нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і добрая кампанія. Гэтак, нешматлюдна, але душэўна, з чытаннем вершаў айчынных класікаў, актывісты з усёй Беларусі адзначылі 503-ія ўгодкі Аршанскай бітвы.

Каля вёскі Крапіўна, як і ў папярэднія гады, сабраліся неабыякавыя да беларушчыны людзі.

Шчыра і па-сямейнаму ў дзень, важны для ўсёй дзяржавы і на дзяржаўным жа ўзроўні праігнараваны. Каля двух дзясяткаў неабыякавых да гісторыі ўласнай радзімы людзей сабраліся на Крапівенскім полі, каб ушанаваць памяць герояў Аршанскай бітвы.

«Можа, іхныя душы, загінулых, памерлых, нас бачаць і ганарацца, што нас хоць і не шмат сёння, але мы шчырыя, мы прыехалі не пад прымусам, нас не пагналі», – распавядае мастак Вітаўт Жукаў.

У 1514 годзе, меркавана, на гэтым месцы адбылася першая вялікая палявая перамога войска ВКЛ у супрацьстаянні з маскавітамі. Сёння пра гэта нагадваюць памятныя камяні і крыж з эпітафіяй, усталяванай мастаком Міколам Купавам.

«Вельмі важна, па-першае, тут пабываць. Адчуць подых гэтай гісторыі і адзначыцца – кветку, знічку паставіць», – кажа Мікола Купава.

Дзеля гэтага для некаторых і 200 кіламетраў – не перашкода. Прыехалі на 503-ія ўгодкі і актывісты з Наваполацку.

«Марылі некалькі апошніх гадоў пабываць на Крапівенскім полі знакамітым. Гэты год склаўся спрыяльны і мы змаглі прыехаць», – кажа сябра Таварыства беларускай мовы з Наваполацку Алесь Рымша.

Што праўда, не абышлося і без перашкодаў. Паводле актывістаў, недалёка ад памятнага месца ўвесь час былі працаўнікі праваахоўных органаў з камерамі. На загад жа мясцовых уладаў чарговы раз узаралі поле.

Прыхільнік беларушчыны Генадзь Шэпелеў распавядае, што пабачыў на месцы:

«Настолькі плугамі перавярнулі, каб на машыне людзі не маглі праехаць ці прайсці. Гэта як у дзіцячым садку – дробнае шкодніцтва».

Гэткія захады актывісты горка называюць ужо традыцыйнымі. Да таго ж праз зусім нядробнае шкодніцтва – прызнанне несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам і затрыманні ўдзельнікаў у ранейшыя гады, значна паменела выступоўцаў і наведнікаў фэсту бардаўскай песні, што праводзіўся тут з 1991 году ў гонар Аршанскай бітвы.

Глядзіце таксама:

Лола Бурыева, belsat.eu