«Мова. Войска. Вера». Козыры Парашэнкі на выбарах-2019


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка будзе балатавацца на другі тэрмін. Адпаведную заяву ад дзейнага кіраўніка дзяржавы чакалі яшчэ ў навагоднюю ноч, аднак прагучала яна сёння, падчас форуму ў Міжнародным выставачным цэнтры Кіева. На які настрой выбарнікаў выпадае разлічваць і яму, і іншым кандыдатам?

На палітры вылучэнцаў – штодня новыя адценні. 22 кандыдаты ўжо зарэгістраваныя, яшчэ тры чакаюць рэгістрацыі. Ачоліць дзяржаву жадаюць былыя топ-палітыкі, радыкальныя нацыяналісты, буйныя бізнесоўцы і нават вядомы комік. Адмыслоўцы кажуць, што спіс вырасце да пяці дзясяткаў. І сумняюцца ў якасці патэнцыйных слугаў народу.

«Адныя перачакалі, хаця маглі балатавацца дзесяць гадоў таму. Іншыя яшчэ не дацягнулі, не выйшлі на той палітычны ўзровень, з якім можна ісці на выбары. Большасць кандыдатаў выкарыстоўваюць балатаванне выключна як піяр і трамплін на парламенцкія выбары. Для іх самых, як і для краіны, іхная перамога была б жахам», – кажа палітолаг Мікола Давыдзюк.

Пятро Парашэнка, першы паслямайданаўскі лідар дзяржавы, на другі тэрмін ідзе з выразным наборам дасягненняў з уласнага слогану: «Мова. Войска. Вера». У краіне прайшла дэкамунізацыя, і набірае сілу ўкраінізацыя, войска рэфармуецца паводле НАТАўскага ўзору, праваслаўная царква атрымала права на аўтаномнасць ад Расеі.

«Пусты бюджэт і разрабаваная краіна была. А колькі ён усяго зрабіў. Гэтак бы мы даўно былі ў старэйшага брата ў падпарадкаванні 16-й рэспублікай. Я хачу ў Еўразвяз, хачу, каб дзеці жылі ў еўрапейскай краіне», – гаворыць жыхарка Кіева.

Эксперты падкрэсліваюць, што Парашэнку сімпатызуюць больш заможныя людзі, якім блізкая патрыятычная рыторыка і курс на еўразбліжэнне.

Прэтэнзіяў да дзейнага лідара таксама хапае: створаны, але гэтак і не запушчаны ў тэрмін Антыкарупцыйны суд, непераможная алігархічная сістэма, высокія тарыфы на паслугі ЖКГ і нізкія заробкі.

Незадаволенасць адлюстроўвае высачэзны антырэйтынг прэзідэнта – амаль 50 % выбарнікаў заяўляюць, што не прагаласуюць за Парашэнку ні пры якіх абставінах. Жыхары Кіева кажуць:

«Дакладна не за Парашэнку! Да яго давер прапаў. Ён, можа, нічога дрэннага не зрабіў, але й добрага нічога».

«Зяленскі цікавіць як кандыдат. Новы твар з’явіўся ў палітыцы, плюс недавер да старых палітыкаў».

«Юлію Цімашэнку, Уладзіміра Зяленскага…»

«Я за Садавога. Я сам са Львова, мне падабаецца, якая там абстаноўка».

Згодна з даследаваннем сацыяльных настрояў перад выбарамі, праведзенаму кампаніяй «SeeTarget», больш за 40 адсоткаў рэспандэнтаў лічаць, што Украіна рухаецца ў няслушным кірунку. 60 адсоткаў хочуць спыніць вайну, нават пры ўмовах адмаўлення ад акупаваных тэрыторыяў, а прыкладна столькі ж чакаюць уступлення ў Еўразвяз. Больш за 40 адсоткаў патрабуюць павялічыць заробкі і пенсіі.

«Зборны вобраз кандыдата-ўкраінца сёння вельмі лёгка зрабіць. Гэта папуліст, які абяцае ўсё: хутка завяршае вайну, павялічвае заробкі, змяншае кошты, ён еўраінтэгруе, ён жа сябруе з Расеяй. Але палітычная рэальнасць такая, што гэтага кандыдата не існуе», – тлумачыць Мікола Давыдзюк.

Эксперты згаджаюцца ў меркаванні, што прэзідэнцкія выбары не скончацца на першым туры. Сацыёлаг, дырэктар «SEETARGET» Аляксей Бароўскі мяркуе:

«Адназначна адзін кандыдат будзе з еўраінтэграцыйнай рыторыкай, у большай ступені, з уласнай канцэпцыяй развязання эканамічных праблемаў, іншы ж кандыдат будзе прапаноўваць той жа парадак дня, але з актуалізацыяй вырашэння праблемы на Усходзе».

Рэгістрацыя кандыдатаў працягнецца да 8-га лютага, а выбары прэзідэнта Украіны пройдуць у апошні дзень сакавіка. Сачыце за кампаніяй разам з «Белсатам»!

Адэля Дубавец, belsat.eu

Фота: Mikhail Palinchak / Ukrainian Presidential Press Service/Handout via REUTERS / FORUM