Аб'ектыў 13.08.2019 «Моцны гаспадарнік». Як кіраўнік ЖКГ Магілёва разбіраўся з праблемамі дому на вуліцы Жамчужнай?


Больш за паўгода жыхары 16-га дому на вуліцы Жамчужная, што ў Магілёве, звяртаюцца да чыноўнікаў па дапамогу – у доме цячэ дах. Дый не толькі.

Яны кажуць:

«Пачала зацякаць ліфтавая шахта, пачалі адключаць ліфты».

«А вось на гэтай ступеньцы навярнуцца – элементарна».

«Два месяцы званю! Мне: «Заўтра», «Да канца ліпеня»! Я кажу: «У мяне ў гіпсе нага!». А мне кажуць: «Зробім!»

Скаргі і звароты ў ЖЭУ не дапамагалі. Жыхары пайшлі ў абласны выканкам.

«Да нас прыязджаў кіраўнік ЖЭУ нашага, потым галоўны інжынер. Тут яны крычалі, і нам прыйшоў адказ: нам усё зробяць у траўні», – распавядае Таццяна Тарасава, жыхарка дому.

Не зрабілі. А на мінулым тыдні прайшоў моцны дождж, кватэры зноў пазалівала. Таццяна не вытрымала і рушыла да кіраўніка абласнога выканаўчага камітэту:

«Ну, я туды прыйшла. Пагутарыла з кіраўніком у зваротах грамадзянаў. Яна казала, што пакліча чалавека, які дапаможа. І паклікала нам Папкова Сяргея…»

Дапамог. За тры дні пасля наведання работнікі вычысцілі тэхнічны паверх ад смецця і мёртвых галубоў, скасілі траву і павесілі дошку абвестак, нават новыя лаўкі паставілі. Але той факт, што рух пачаўся толькі перад прыездам кіраўніцтва, абурыў жыхара дому Дзмітрыя Маркевіча:

«Я падышоў да майстра: «Чаму так робіцца? Калі камісія – у вас пачынаецца!» – «Гэта не твая справа!» Паслаў як трэба. Ну, я таксама яго паслаў. Не вытрымаў! Пачалі спрачацца, мяне супакоілі: «Ціха, не спрачайцеся. Ідзі адсюль, не твая справа – і ўсё!»

Але хутка ў жыхароў з’явілася магчымасць паскардзіцца на няветлівых працаўнікоў іхнаму кіраўніцтву, якое падаспела з камісіяй.

Скаргі выслухваць прыехаў Сяргей Папкоў – кіраўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва. Яшчэ на пасадзе намесніка старшыні райвыканкаму ён знайшоў славу «моцнага гаспадарніка»: крытыкаваў працу камунальных службаў гораду і пагражаў аб’ехаць з правяраннямі ўсе буйныя паселішча раёну. Ягоны выступ перад народам нагадвае стыль самага высокага беларускага чыноўніка.

Спачатку Папкоў трохі засаромеўся камераў «Белсату». Але пад ціскам грамадскасці ён пастанавіў усё ж правесці сход і пачаў ушчуваць сваіх падначаленых:

«Паўтараю! Да першага нуль шостага. Сплаціць жыхарам шкоду! Сплацілі? Не. Чаму? Я кажу: чаму не сплачаная шкода?»

У выніку паабяцаў узяць сітуацыю пад асабісты кантроль:

«Мы яе выправім у тыя тэрміны, якія мы вызначылі. Мабыць, у канцы жніўня…»

Тым не менш на некаторых жыхароў перформанс кіраўніка ЖКГ зрабіў уражанне:

«Прыезд сёння Сяргея Валерʼевіча нам вельмі спадабаўся, атрымалася канструктыўная гаворка. Ён адказаў на ўсе нашыя пытанні, менавіта аб нашай скарзе», – падзялілася Марына Ігнатовіч.

А ўжо ў канцы жніўня, паводле самога чыноўніка, можна будзе падвесці вынікі гэтай канструктыўнай гаворкі.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары