Аб'ектыў 17.03.2018 Моладзь глядзіць на БНР, як на дзяржаву


Што такое Беларуская Народная Рэспубліка, і ў чым яе ідэя? На гэтае пытанне адказвалі вядомыя беларускія навукоўцы, гісторыкі, а таксама дэпутаты, якія ў 1991-ым прывялі краіну да незалежнасці ды рэалізоўвалі ідэі БНР. Навуковую канферэнцыю да 100-годдзя абвяшчэння першай беларускай дзяржавы зладзіла партыя КХП-БНФ.

Абвешчаная 25-га сакавіка 1918-га года незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі адыграла ледзь не вызначальную ролю ў гісторыі нашай краіны ды, імаверна, паспрыяла таму, што сёння на мапах свету Беларусь пазначана як асобная, незалежная дзяржава. З гэтым сцвярджэннем не можа паспрачацца нават Нацыянальная акадэмія навук.

«У аснове БНР ляжалі даследаванні навукоўцаў Расейскай імперыі. Яны нам далі мапы. Яны нам далі ўсё, але ж яны не думалі, што мы нейкую незалежнасць будзем ствараць. Мы ж не бралі нямецкія ці польскія мапы, мы бралі расейскія», – заяўляе ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

А паколькі Смаленск, Вільня і Дзвінск на імперскіх мапах былІ пазначаныя як беларускія гарады, то БНР справядліва на іх прэтэндавала. Паўплывала гэта і на пастанову бальшавікоў, якія 1 студзеня 1919-га года абвесцілі Смаленск сталіцаю ССРБ.

Нацыянальна-культурніцкае ж адраджэнне вярнулася ў Беларусь толькі на пачатку 90-ых гадоў (як і ў шэрагу іншых постсавецкіх краінаў). Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Юрась Беленькі быў адным з тых, хто ў 91-ым праводзіў інфармацыйную кампанію сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР, значная частка якіх і не ўяўляла, што такое сапраўдная незалежнасць.

«Я не ўяўляю, калі б не было гэтага грунту – БНР, як бы нам удалося тады, у 91-м годзе, пераканаць тую парламенцкую большасць, што ў нас ёсць сур’ёзны грунт асновы для нашай незалежнасці», – распавядае Юрась Беленькі.

Нацыянальныя сімвалы, мова і каштоўнасці пратрымаліся ў Беларусі да прыходу Лукашэнкі. Пасля 95-га пачаліся рэпрэсіі ды чарговае перапісванне гісторыі. Аднак цяпер дзяржава пачынае паволі пераасэнсоўваць значэнне БНР і яе ўплыў на незалежнасць, назіраецца ўмоўная беларусізацыя.

«Адчуванне свята, адчуванне, што мы годная нацыя і маем вялікую гісторыю, тое, што заклалі бацькі-заснавальнікі БНР 100 гадоў таму – гэта мы павінныя зараз далей развіваць», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Антончык.

«Нямала выдадзена дакументальнага матэрыялу, а цяпер вось гэтыя публікацыі ў газетах, так што я лічу, што сёння працэнтаў пяцьдзясят моладзі глядзіць на Беларускую Народную Рэспубліку як на дзяржаву», – кажа доктар гістарычных навук Леанід Лыч.

Хоць БНР як дзяржава не зрэалізавалася, яе ідэі, як і Беларусь, працягваюць жыць і дасюль.

Сцяпан Святлоў; фота – surprisse.com

Глядзі таксама
Каментары