Вуліца стрыт-фуду ў Маладзечне: як горад робіцца модным


Як атрымаць грошы на добрую справу і ад добрых інвестараў? Амаль усё пра гэта ведаюць арганізатары конкурсу Social Weekend. Ужо 14-ты раз там узнагародзілі прагрэсіўныя сацыяльныя праекты, здольныя змяніць нашую краіну да лепшага.

У Маладзечне звычайны гарадскі рынак з некалькімі харчовымі кропкамі летась пераўтварыўся ў модную гарадскую прастору – вуліцу стрыт-фуду.

«Адна з ідэяў была ў тым, каб стварыць у горадзе такую прастору, дзе жыхары ці проста крэатыўныя і творчыя людзі маглі б сябе рэалізаваць», – распавядае куратарка праекту Ганна Холад.

Вуліца стрыт-фуду – месца, звязанае не толькі з ежай. Тут ладзяць танцавальныя вечарыны, канцэрты. А яшчэ актывісты мараць стварыць тут грамадскія агароды. Для гэтага на вуліцы ў адмысловых бочках яны вырошчваюць розныя расліны. Адметнасць вуліцы стрыт-фуду – графіці, якія ўпрыгожваюць павільёны. Некаторыя з іх малявалі ўдзельнікі міжнароднага абмену.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

А што пра новую вулічную прастору думаюць жыхары і госці Маладзечна?

«Ну няблага, па-першае, машыны гэтыя не перашкаджаюць. І добра ўпрыгожылі. А ўлетку праходжу, гляджу, моладзь сядзіць, прымаюць ежу, смакоцце рознае».

«Але ёсць і іншы бок медаля, што людзі, якія жывуць у гэтым доме, водар гэтага перапрацаванага алею, і тое, што моладзь часам лаецца не вельмі прыгожымі словамі».

«Для моладзі добра! Вельмі нават. Хоць дзесьці ёсць. На вуліцы ж не станеш піва піць».

«Спадабалася, што ёсць такая вуліца. Асабліва пешаходная, што і машыны не ездзяць, і людзі збіраюцца ўвечары».

З’яўленне прасторы «Вуліца стрыт-фуду» пазітыўна адбілася на вядзенні бізнесу, кажуць уладальнікі мясцовых кавярняў.

«Даведаліся болей пра нас, мы пашырылі меню. Улетку ўвогуле было вельмі вялікае меню, такое вялікае. Таму гэта, вядома, вялікі плюс для нас таксама», – гаворыць Вольга Крампальская, уладальніца кавярні «Каваін».

Стварэнне вуліцы стрыт-фуду стала магчымым дзякуючы конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Аўтары падалі сваю ідэю летась, дайшлі да фіналу і атрымалі 10 тысяч рублёў ад кампаніі А1. Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend сёлета праходзіў ужо 14-ы раз. Дырэктар конкурсу зазначае, што ў ім за гады існавання адбыліся даволі значныя змены.

«У гэтым сезоне вылучылася навука і адукацыі ў параўнанні з астатнімі тэматыкамі. Інклюзіўныя праекты наадварот у спіс адставання трапілі ў гэтым сезоне», – падкрэслівае Аляксандр Скрабоўскі.

Сёлета ў Social Weekend рэкордны прызавы фонд – больш за 100 тысяч рублёў, якія падзялілі паміж сабой 18 праектаў. Сярод іх – праект «Пайшлі-паехалі» для стварэння турыстычных маршрутаў, даступных для людзей з інваліднасцю; школа асабістай бяспекі для жанчын Womenʼs Safety; сетка вулічных кантэйнераў для кампосту «Ежы вежа» ды іншыя.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu