«Мне няма куды ехаць. Калі мяне вышлюць, я паеду ваяваць у Данбас». Сяргей Працэнка застаецца ў Беларусі


Дзякуючы рашэнню суда хэпі-эндам скончылася справа Сяргея Працэнкі. Гомельскі абласны суд адмяніў рашэнне аб дэпартацыі з Беларусі грамадзяніна Украіны. У папярэдніх выпадках падобныя гісторыі заканчваліся трагедыямі – самагубствам людзей. За якія ж правіннасці замежнікам пагражае высылка з Беларусі – краіны, якую яны лічаць сваім домам?

Гісторыя з выправаджэннем з Беларусі грамадзяніна Украіны Сяргея Працэнкі завершылася хэпі-эндам. Гомельскі абласны суд скасаваў рашэнне суда Буда-Кашалёўскага раёну і пастанову аб дэпартацыі. Пазоўнік не хаваў радасці, бо перад паседжаннем не меў вялікай надзеі на станоўчы вынік:

«50 на 50. Вядома, хочацца, каб было на плюс».

40-гадовы Сяргей Працэнка пераехаў у Беларусь 10 гадоў таму. Ажаніўся з беларускаю, выхоўвае трох дзетак. Летась увосень раённая міліцыя прыняла рашэнне выслаць мужчыну з краіны «у інтарэсах грамадскае бяспекі». Прычына – адміністратыўнае правапарушэнне: мужчыну затрымалі, што называецца, на падпітку. Яго чакала дэпартацыя.

«І ён кажа: мяне высылаюць у нікуды! Мне няма куды ехаць. Калі мяне вышлюць ва Украіну, то я паеду ваяваць у Данбас. Іншага шляху ў мяне няма», – сведчыць праваабаронца Леанід Судаленка.

У справу Працэнкі ўмяшаліся незалежныя медыі, праваабаронцы ды актывісты. Аднак, не заўсёды такія сітуацыі маюць шчаслівы канец. Нярэдка рашэнні суда аб дэпартацыі прыводзяць да трагедыі. За апошнія два месяцы ажно трое расейцаў, якіх хацелі выслаць за «з’яўленне ў грамадскім месцы ў пʼяным выглядзе», здзейснілі самагубства.

Адзін з такіх жахлівых выпадкаў меў месца ў Лоеве, дзе 35-гадовага грамадзяніна Расеі Сяргея Барысава пазбавілі віду на жыхарства і прынялі рашэнне пра яго высылку. Як і ў выпадку з Сяргеем Працэнкам, Беларусь была для яго домам. Ад адчаю мужчына наклаў на сябе рукі.

«Узяў да галавы: куды, кажа, я паеду – у нікуды. Тым больш, расейскага пашпарту ў яго не было», – узгадвае маці Сяргея Барысава спадарыня Людміла.

Праваабаронцы ўпэўненыя: лезці ў пятлю і канчаць жыццё самагубствам людзей змушаюць законы, якія прадугледжваюць выправаджэнне з краіны за адно адміністратыўнае парушэнне за год.

«Трэба мяняць закон, практыку яго прымянення, каб адзін кілішак выпітага піва па дарозе дадому не стаў трагедыяй не толькі для чалавека, якога высылаюць, але і для яго сямʼі», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Рашэнне Гомельскага абласнога суда сталася святлом у канцы тунэлю. Зʼявілася надзея, што супрацоўнікі аддзелаў грамадзянства і міграцыі будуць пільней разглядаць кожны выпадак. Але Сяргей Працэнка ўпэўнены, што міліцыя «будзе да яго прыдзірацца»:

«Думаю, так. Можа, не адразу, але паступова пачнуць. Калі ўлічыць, як цяпер працуюць медыі, адразу, напэўна, будуць баяцца».

Для таго, каб сітуацыя перамянілася на лепшае, аднаго рашэння суда відавочна недастаткова. Але выпадак з украінцам паказаў, што дзеянні актывістаў і праваабаронцаў могуць прынесці станоўчыя вынікі. Галоўнае – не адступаць і не здавацца.

Дзяніс Шпігаў, belsat.eu