Міжнародныя спонсары не хочуць падтрымліваць Еўрапейскія гульні


Коля Лукашэнка і Аляксандр Лукашэнка на «Менскай лыжні». Фота – прэс-служба кіраўніка Беларусі

Падчас імпрэзы «Менская лыжня» кіраўнік краіны запэўніў, што Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у нашай краіне ўжо сёлета, цалкам сябе акупяць. Што праўда, ахвотных праспансаваць гэткую спартовую імпрэзу пакуль не так шмат.

Восем тысячаў валанцёраў ды «ўсе дзяржаўныя органы». Велізарнымі выдаткамі з бюджэту Беларусь рыхтуецца прыняць у чэрвені грандыёзнае спартовае спаборніцтва – Другія Еўрапейскія гульні. Вось толькі адных грошай з бюджэту ды адміністрацыйнага рэсурсу для гэтага пакуль замала.

Відэаверсія рэпартажу выйшла ў поўным выданні вечаровых навінаў за 9 лютага:

«Паводле кантракту былі абавязкі (Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў) прыцягнуць буйных міжнародных спонсараў, але на сёння вынікамі гэтай працы мы не можам быць задаволеныя», – заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

Малая колькасць міжнародных спонсараў, гатовых падтрымаць Еўрапейскія гульні, сведчыць пра невысокую значнасць гэтых спаборніцтваў, разважаюць эксперты.

«Гэта не Алімпійскія гульні, гэта не чэмпіянат свету па футболе або нават хакеі. Гэта даволі маргінальная спартовая імпрэза – яна ладзілася пакуль што толькі аднойчы – у Азербайджане, другі раз будзе ў Беларусі. Заходнееўрапейскія краіны, як вядома, не пажадалі прымаць гэтыя гульні. Пакуль гэта вельмі сціплае мерапрыемства, якое не выклікае вялікай увагі ані ў спартовай грамадскасці, ані ў шырокіх масах насельніцтва», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Ці гэта сапраўды так, мы запыталіся ў жыхароў Менску.

Жыхары Менску:

«А што, нейкія інвестыцыі сюды прыйдуць ці што? Не».

«Не разумею толькі, чаму горад у парадак прыводзяць толькі цяпер, а не цягам года, а так гэта трэба, гэта здорава».

«Я лічу, што сродкі ўвогуле незразумела куды ўкладаюцца. Таму толькі на сябе спадзяюся. Няхай будзе што будзе».

«Па-першае, горад чысцейшы робіцца. Па-другое, людзі больш ветлівыя – яны адзін аднаго лепш пазнаюць. Таму, я лічу, адзін плюс».

Пакет «Чысты горад плюс» ад уладаў, паводле розных падлікаў, будзе каштаваць не менш за $ 107 млн. І гэта калі не лічыць добраахвотна-прымусовай працы бюджэтнікаў ды студэнтаў на карысць гульняў. Дарэчы, апошнія ўжо зазналі высяленне з інтэрнатаў. З больш дробных, але не менш адчувальных для людзей праблемаў – закрыццё дзіцячай коўзанкі на карысць сталоўкі ды транспартавыя коркі праз аўральныя рамонты дарогаў.

«Самое правядзенне гульняў дасць па бюджэце, вядома, вельмі істотна. Таму трэба гэтыя кошты адбіваць, паказаць, што нашая краіна прыцягальная для турызму – у ключы не толькі прыездаў на спаборніцтвы, але і на выходныя, напрыклад, каб сюды зганяць было можна», – кажа спартовы журналіст By.Tribuna.com Андрэй Маслоўскі.

Лукашэнка чарговы раз – пераможца «Менскай лыжні». Фота – прэс-служба кіраўніка краіны

Не шкадаваць грошай на гасцей заклікаў сёння і сам Аляксандр Лукашэнка. У атачэнні прафесійных спартоўцаў ды гледачоў у цывільным ён чарговы раз перамог у «Менскай лыжні». Ды запэўніў, што «стаўка на развіццё ў Беларусі спорту і на правядзенне ў краіне буйных міжнародных спартовых спаборніцтваў прыносіць не сувымерныя, а празмерныя дывідэнды».

«Натуральна, гэта ўсё акупляецца», – упэўнены Лукашэнка.

Аднак у адрозненне ад уладаў Беларусі міжнародныя спонсары грошы лічыць усё ж умеюць. А таму і на афіцыйнай старонцы Еўрапейскіх гульняў у раздзеле прэміум-партнёры значыцца толькі адзін – дзяржаўны «Беларуськалій».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»