Аб'ектыў 12.12.2018 Міжнародны суд у Гаазе вырашае, ці разглядаць справу ваенных злачынстваў у Крыме і Данбасе


Міжнародны крымінальны суд у Гаазе неўзабаве вырашыць, ці падпадаюць пад яго юрысдыкцыю ваенныя злачынствы ў Крыме і Данбасе. Позву падала ўкраінская дзяржава. А тым часам украінскія праваабаронцы скіроўваюць свой даклад у Гаагу. Пракурорам прадставяць доказы гвалту сабраныя за 4 з паловай гады ваеннага канфлікту. Праваабаронцы спадзяюцца, што офіс пракурораў распачне расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці. Адна з гісторыяў, што ўвайшла ў даклад, у сюжэце.

«Ёлкі, дом як затрасе. На вуліцы чуваць, што выстрал, а тут, у доме – наагул!» – «Калі ляціць на нас, мы ўжо зразумелі, гуку ніякага ўжо няма, калі прызямляецца побач з намі», – распавядаюць Таццяна і Леанід Хандамай.

Жыхары Папаснай Луганскай вобласці ўзгадваюць, як узімку 2015-га ў іхны дом прыляцеў снарад сістэмы залпавага агню «Град». Ад хаты застаўся толькі падмурак, пад заваламі загінула маці Таццяны, а самая яна атрымала моцныя раненні. Таццяна Хандамай кажа:

«Вуха, кантузія, удар у грудную клетку, удар у брушную клетку, нешта там у мяне з нагою, але я ж шмат не ведала, штосьці з вокам, вушка адарвала…»

Пакуль Таццяну лекавалі ў Харкаве, Леанід жыў у дзяцей. Аформіць дапамогу ад дзяржавы сужэнцам не ўдалося. Таццяне далі толькі 3-юю групу інваліднасці. Леанід Хандамай распавядае:

«На твары шнараў шмат – так нечым пабіла, хто яго ведае, яно ж усё падала. І сцягно – са сцягном у Лісічанку месяца паўтара ляжаў».

Аднавіць дом дапамагла Нарвежская рада ў справах уцекачоў. Гуманітарная арганізацыя аплаціла будаўнічыя матэрыялы, рамонтныя працы ды частку мэблі.

«Лядоўню, пральную машыну, ложак, дзве тумбачкі, вось гэтую мэблю, мэблю кухні і шафу-купэ», – паказвае Леанід Хандамай.

Гісторыя жыхароў Луганшчыны ўвайшла ў даклад украінскіх праваабаронцаў пра гвалтоўныя злачынствы, здзейсненыя падчас ваеннага канфлікту. Апроч разбурэнняў жылых кварталаў, гібелі і траўмаў цывільных, у справаздачы ёсць незаконныя затрыманні, катаванні ваеннапалонных ды пазасудовыя пакаранні. Паралельна з дакладам праваабаронцы падрыхтавалі справаздачу ў Міжнародны крымінальны суд.

«Ёсць шэраг этапаў, якія прадугледжаныя Рымскім статутам. Украіна цяпер – на другім этапе, калі развязваюць пытанне, ці будзе офіс Міжнароднага крымінальнага суда адкрываць папярэдняе расследаванне. Таму інфармацыю такога кшталту, якая мае пераканаць Міжнародны крымінальны суд у тым, што ёсць падставы для расследавання, ёсць сэнс дасылаць», – тлумачыць Яўген Захараў, дырэктар Харкаўскай праваабарончай групы.

Хоць афіцыйны Кіеў пакуль не ратыфікаваў Рымскага статуту, на якім грунтуецца Міжнародны крымінальны суд, гэта не стварае перашкодаў для зваротаў праваабаронцаў. Раней Украіна звярталася туды ў справе Еўрамайдану для прызнання, што дзеянні ўрадавых сілаў мелі прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці. Расследавання, аднак, не пачалі, бо канфлікт не меў сістэматычнага і шырокамаштабнага характару – загінулі менш за 1000 чалавек. Апроч таго, каб у Гаазе распачалі следства, трэба давесці, што самая дзяржава не можа або не хоча займацца гэтаю справаю.

Ганна Сакалова, Паўло Стэх, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары