Мінздароўя: «Не трэба без неабходнасці наведваць паліклініку»


Сярод студэнтаў БДУ хворых няма. Аднак групу навучэнцаў паклалі ў шпіталь ветэранаў. Паводле Міністэрства аховы здароўя, яны маглі кантактаваць з асобай, інфікаванай COVID-19. З кім канкрэтна? Медычная таямніца. Універсітэт жа працягвае працаваць у штатным рэжыме.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра перавод аднаго класу сталічнай гімназіі нумар два на хатняе навучанне. Праўда, дырэктар установы пра такі крок нічога не ведае. Ці патрэбны агульны каранцін? Адказваюць апытаныя намі жыхары Менску:

«Не, я лічу, што ў нас усё нармальна».

«Закрываць трэба».

«Калі настолькі небяспечная сітуацыя, то чаму не? Трэба неяк абараніць сваіх грамадзянаў».

«Можна, я не буду адказваць на гэтае пытанне? Гэта Беларусь».

«Вядома. Цяпер каронавірус толькі пачынаецца, але ён прыйшоў і будзе толькі пашырацца. Да гэтага ёсць усе тэндэнцыі».

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік зазначыў – дзеці не адносяцца да групы рызыкі, у адрозненне ад людзей сталага веку:

«Давайце паклапоцімся пра сваіх блізкіх, не будзем да іх ездзіць хворымі, прывозіць да хворых унукаў, патлумачым, што ў гэты перыяд не трэба хадзіць па крамах і гандлёвых цэнтрах, не трэба без неабходнасці наведваць паліклініку».

Напярэдадні ў Горадні арганізатары адмянілі фэст з нагоды Дня Волі. Сяргей Верамеенка з гарадзенскага аркамітэту тлумачыць:

«У сілу мноства прычынаў, адна з якіх, адна з асноўных – сезонныя захворванні і пагроза захворванняў на каронавірус».

Замест канцэрту ў Горадні плануюць кўіз па мясцінах, звязаных з БНР. У Менску яшчэ працягваюць раіцца, гаворыць Аляксей Сігаеў з менскага аргкамітэту:

«У панядзелак мы маем прыняць пэўнае рашэнне, абвесціць месца правядзення, але пакуль што мы яшчэ чакаем».

Пакуль чакаюць і ўлады Беларусі. Вось што сёння заявіў кіраўнік краіны:

«Гэты фон, каронавірус. Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Супакойвацца, вядома, нельга (…) Калі ты адчуваеш, што ў цябе там вірус, пасядзі дома».

Між тым, Аляксандр Лукашэнка адмяніў сваю сённяшнюю «Вялікую размову» – сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, медыяў і экспертамі. Паводле ягонае прэс-сакратаркі, справа не столькі ў каронавірусе, колькі ў загружаным працоўным графіку. Менчукі каментуюць:

«Мы ўсе чагосьці баімся, так што я разумею яго».

«Гэта ж ён адзін. Яму сябе берагчы трэба. Раз «бацька» сказаў – значыць, усё добра».

«Гэта тое самае, што ў Беларусі ўсё будзе добра, не мяняйце долараў. Усё яно ёсць, нікуды яно не дзелася».

Суседзі Беларусі ў сувязі з пандэміяй закрываюць школы і садкі на каранцін. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец адзначае, што сітуацыя сапраўды сурʼёзная, а ўлады не робяць адэкватных захадаў:

«Нам трэба рыхтавацца да самае сапраўднае эпідэміі, нам трэба разгортваць вайсковыя шпіталі інфекцыйныя побач з Менскам і абласнымі цэнтрамі».

Апазіцыйны палітык нагадвае – канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель спрагназавала, што COVID-19 можа заразіцца ажно 70% немцаў. А таму рашучыя захады проста неабходныя.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»