Аб'ектыў 02.09.2019 «Мінёр» вясковай школы падпісаўся імем дэпутаткі сельсавету. Нешта падобнае ўжо было


У Калінкавіцкам раёне першы званок атрымаўся з непрыемным інцыдэнтам. На старонку Міністэрства надзвычайных сітуацыяў трапіла інфармацыя пра бомбу ў школе ў Шыічах. Паведамленне было фальшывым, але ў выніку следчыя апыталі мясцовую дэпутатку Розу Стрэльчанку і забралі ейны камп’ютар, бо псеўдамінёр падпісаўся яе імем. Стрэльчанка абвяргае абвінавачанні. Справа можа датычыцца супрацьстаяння з уладамі вакол іншай, зачыненай школы ў тым жа раёне.

Больш за сто вучняў, што прыйшлі на лінейку ў школу ў Шыічах на Гомельшчыне, эвакуявалі праз паведамленне, што будынак нібыта замінаваны. Выбуховай прылады ў школе не знайшлі. Але следчыя сёння прыйшлі да жыхаркі суседняй вёскі Каплічы, дэпутаткі капліцкага сельсавету Розы Стрэльчанкі. Ужо тры гады жанчына змагаецца за тое, каб у Каплічах адрамантавалі школу, дзяцей з якой скіравалі на навучанне акурат у Шыічы.

«Я адкрыла дабрачынны рахунак і я спадзяюся, што людзі адгукнуцца і дапамогуць нам сабраць хоць нейкую частку грошай, каб адрамантаваць нашую школу», – кажа Роза Стрэльчанка.

Са словаў Розы Стрэльчанкі, ёй пагражалі вар’ятняй, слалі смс-паведамленні з пагрозамі і ўжо падазравалі ў мінаванні Капліцкай школы, але дэпутатка не спыніла спробаў уратаваць навучальную ўстанову.

Сюжэт Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 верасня

Праблемы ў Капліцкай школе пачаліся тры гады таму, калі ў будынку адваліўся кавалак столі, і чыноўнікі пастанавілі прыпыніць яе дзейнасць.

За тры гады Роза Стрэльчанка вылучылася ў мясцовыя дэпутаты, прайшла шэраг інстанцыяў, атрымала стосы адмоваў ды адпісак, а калі звароты да ўладаў аказаліся безвыніковымі, яна напісала ліст у Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця, што супольна з Міністэрствам адукацыі рэалізоўвае праект адраджэння вясковых школаў.

«Па ўсіх трох параметрах мы падыходзім. Чаму? У нас больш за 50 дзяцей. Дзяцей у Капліцкую школу падвозілі з другіх населеных пунктаў. І трэцяе – у нас ёсць статус аграгарадка», – дадае Роза Стрэльчанка.

Капліцкую школу ў праект не ўнеслі, але шанец атрымаць фінансаванне ёсць, для гэтага Міністэрства адукацыі мае зрабіць у банк адпаведны запыт.

Цяпер у Каплічах – 73 школьнікі. І яшчэ паўсотні дзетак-дашкольнікаў, якім навучальная ўстанова спатрэбіцца неўзабаве.

За сітуацыяй вакол Капліцкай школы сочыць Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў сустракалася і з жыхарамі вёскі, і з мясцовымі ўладамі.

«Я на свае вочы пераканалася, што школа ў даволі добрым стане, і не так шмат трэба сродкаў, каб прывесці яе ў парадак», – кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і старшыня ТБМ Алена Анісім.

Алена Анісім накіравала запыты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Міністэрства адукацыі ды збіраецца падымаць пытанне Капліцкай школы падчас прыёму ў міністра адукацыі. Бо закрыццё школы найчасцей азначае і знішчэнне вёскі.

«Гэтая праблема негвалтоўнага высялення маладых людзей з вёсак характэрная для ўсёй Беларусі, і адна з прычын гэтага – такое стаўленне мясцовых уладаў да маленькіх грамадзянаў нашае краіны», – дадае Алена Анісім.

Даша Стрэльчанка ідзе ў шосты клас, да школы ёй трэба пераадольваць два дзясяткі кіламетраў. За тое, каб дзеці маглі навучацца там, дзе і жывуць, ужо трэці год і змагаецца Дашына мама, Роза Стрэльчанка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары