Мінула 16 гадоў. Сёння – гадавіна забойства беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай


16 гадоў таму не стала беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Журналістку, якая публікавалася ў незалежнай прэсе, забілі 20-га кастрычніка 2004-га ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс прыблізна 46 нажавых удараў. Цела знайшоў 15-цігадовы сын і айчым Веранікі.

Слёзы ля гэтай магілы спадарыня Дыяна пралівае ўжо 16-ты год. Тут пахаваная ейная дачка. Забыць дзень смерці Веранікі кабеце наўрад ці калісьці ўдасца. Але шторазу, прыходзячы сюды, яна згадвае іхную апошнюю сустрэчу.

«У гэты дзень я яшчэ была шчаслівым чалавекам. У мяне была дачка, у мяне быў унук, у мяне быў муж… Для мяне гэта быў самы лепшы чалавек. Яна была разумная, здольная, працавітая, любасная…», – гаворыць Дыяна Чаркасава, маці Веранікі.

Гэтак жа пра журналістку адгукаюцца і калегі. Галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Салідарнасць», дзе Вераніка прапрацавала апошні год свайго жыцця, дасюль захоўвае цёплую памяць пра яе.

«Для мяне было гонарам працаваць з ёю. Бо яна сапраўды была аўтарам глыбіннай фармацыі, якіх засталося не так шмат», – падкрэслівае Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Салідарнасць».

Вераніку Чаркасаву забілі 20-га кастрычніка 2004-га года. Скрываўленае цела журналісткі знайшлі ў ейнай уласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс 46 удараў нажом. Калегі і бацькі Веранікі смерць звязваюць з прафесійнаю дзейнасцю. Здагадваюцца, што да забойства могуць быць датычныя ўлады. Менавіта таму, лічаць, справу дасюль і не раскрылі. Дый почырк злачынцы здаецца ім знаёмым.

«Нематываваная, неверагодная жорсткасць зробленая. А сёлета мы яе пабачылі ўжо на вуліцах Менску ды іншых беларускіх гарадоў. Вось почырк аднаго і таго ж «спецыяліста», – гаворыць Аляксандр Старыкевіч.

Той шматтысячны пратэставы рух, што падняўся ў краіне, быў самаю жаданаю марай Веранікі. Так гавораць ейныя сваякі ды артыкулы, ёю напісаныя. Нядаўна маці са стрыечнаю сястрою знайшлі адзін з іх.

«Ён называўся «Мне не жаль свой народ». Дык вось я думаю, што зараз яна б так не напісала. На той момант гэта была скруха, што так цяжка разварушыць і дастукацца да людзей. І зараз, калі б яна ўбачыла, да колькіх людзей, у тым ліку і дзякуючы ейнай працы ўдалося дастукацца, колькі людзей абудзіліся! Я думаю, яна б страшэнна ганарылася сваім народам», – распавядае стрыечная сястра забітай журналісткі Вольга Бабак.

Сёння блізкія Веранікі спадзяюцца, што ўжо ў агляднай будучыні яны даведаюцца імя забойцы іхнае дачкі, сястры ды сяброўкі. А разам з тым – атрымаецца паставіць кропку яшчэ ў дзясятках іншых справаў, якіх цяпер, як быццам адмыслова, ніхто не раскрывае.

Міхаіл Прановіч, belsat.eu