Міністры Лукашэнкі паехалі ў Маскву


Сітуацыю ў Беларусі сёння абмяркоўвалі ў Маскве міністры замежных справаў Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў. Пры чым бліжэйшымі днямі ўзаемныя візіты чыноўнікаў высокага рангу Беларусі і Расеі працягнуцца. Што Крэмль хоча ўзамен за падтрымку Лукашэнкі?

Каляровую рэвалюцыю ў Беларусі паводле ўкраінскага сцэнара, арганізаваную звонку, удалося спыніць – заявіў міністр замежных справаў нашай краіны Уладзімір Макей падчас візіту ў Маскву.

«За час майго знаходжання на розных пасадах гэта пятыя выбары, і з такім вытанчаным рафінаваным рыхтаваннем звонку адпаведных пратэставых акцыяў мы ніколі не сутыкаліся. Не ўсе праблемы яшчэ вырашаныя, але ўжо цалкам відавочна, што папярэджаная спроба рэалізацыі агрэсіўнага сцэнара «каляровай рэвалюцыі», – запэўніў Макей.

У сваю чаргу ягоны расейскі калега Сяргей Лаўроў заявіў, маўляў, Масква мае пацверджаную інфармацыю, што дэстабілізацыяй сітуацыі ў Беларусі кіруюць з тэрыторыі Украіны.

«Ва Украіне ёсць лагеры рыхтавання такіх экстрэмістаў, паводле нашых звестак, і ў Валынскай вобласці, і ў Днепрапятроўскай вобласці. І ўжо мы сёння абмяркоўвалі: я ўпэўнены, што нашыя спецслужбы павінныя гэтым займацца больш прадметна, яны ў кантакце адзін з адным. Па нашых ацэнках каля 200 экстрэмістаў, натрэнаваных на ўкраінскай тэрыторыі, цяпер у Рэспубліцы Беларусь», – сказаў Лаўроў.

На думку палітолага Сяргея Нікалюка, кіраўніцтва нашай краіны за час выбарчай кампаніі вынайшла новую ідэалогію – так званых лялькаводаў, што нібыта кіруюць беларусамі з-за мяжы.

«Тымі беларусамі, якія ў сілу нейкіх прычын не разабраліся ў праўдзе, збіліся з пуці. Адсюль развагі пра каляровыя рэвалюцыі, адсюль пра кіраванасць апазіцыі, адсюль размовы пра сцэнары, якія наперад прапісаныя, і гэтак далей», – тлумачыць Нікалюк.

Заўтра ў беларускай сталіцы чакаюць прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна. А паслязаўтра ў Маскву выправіцца міністр абароны нашай краіны Віктар Хрэнін. Ці варта афіцыйнаму Менску для развязання палітычнага крызісу звяртацца па дапамогу да Расеі?

«Думаю, што не. Мы ўсё ж такі незалежная краіна. Калі мы будзем залежаць ад некага, які сэнс у нашым суверэнітэце?»

«Канечне, абавязкова, бо вельмі шмат дзіўных людзей».

«У якасці кансультацыі – так, у якасці аўтарытарнага меркавання – канечне, не».

«Я думаю, самі вырашым усё», – кажуць жыхары Віцебску.

Паводле палітолагаў, Лукашэнка не задавальняе Расею ўжо даўно. Аднак ягонае адхіленне цяпер будзе выглядаць саступкаю РФ і асабіста Пуціна беларускім пратэстоўцам.

«Гэта, па-мойму, для яго неймаверна. Таму, хутчэй за ўсё, найбольш верагодны сцэнар – хаця магчымыя і іншыя – будзе тое, што Лукашэнку трэба будзе адхіліць, але пазней і з нейкай прычыны, можа, шляхам нейкай пасады яму ў той жа Расеі», – мяркуе Нікалюк.

«Я думаю, разлік такі: трэба даць Лукашэнку прыгожа сысці, каб ён супакоіў сітуацыю, магчыма, паабяцаўшы свой сыход. А замест Лукашэнкі будзе выстаўленая нейкая кампрамісная фігура, якая будзе задавальняць і Маскву, і – у нейкім сэнсе – Еўропу», – гаворыць расейскі палітолаг Фёдар Крашаніннікаў.

Што ж да планаванага візіту Лукашэнкі ў Маскву, на думку адмыслоўцы, ён магчымы толькі ў выпадку, калі сітуацыя з пратэстамі ў Беларусі будзе развязаная.

Анастасія Русецкая, «Белсат»