Аб'ектыў 15.09.2017 Міністр прамысловасці – «Белсату»: Мы доўгі час падалі, сёння рынак ажывае


Ажно на 25 % павялічылі сваю вытворчасць прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці за першае паўгоддзе сёлета, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, гэтага ўдалося дасягнуць, амаль не нарасціўшы складскіх запасаў.

Праўда, па выніках чатырох месяцаў, міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк у інтэрвʼю нашаму тэлеканалу прызнаў, што гэтых паказнікаў удалося дасягнуць сёлета толькі таму, што папярэдняе падзенне было непараўнальна большае.

«Мы доўгі час падалі, былі праблемы з рынкам, сёння рынак ажывае», – зазначыў міністр.

На сённяшняй нарадзе віцэ-прэмʼер паставіў задачу ўтрымліваць прырост фізічных абʼёмаў вытворчасці не ніжэй за 13 % на год, каб дагнаць перадкрызісны ўзровень.

«Павялічыць попыт на традыцыйную беларускую прадукцыю ўдвая не ўяўляецца магчымым», – упэўнены эканаміст Вадзім Іосуб.

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць пастаўленую задачу маларэалістычнай

Сёлетні рост ён параўноўвай з мёртвай коткай, якай, упаўшы з вялікай вышыні, падскоквае ад падзення, але гэта не азначае, што яна ажыла.

«Імпартаваныя кампаненты ў нашай прамысловасці даражэюць хутчэй, чым экспартаваны канчатковы прадукт», – тлумачыць адмысловец навукова-прамысловай палаты Аляксандр Абуховіч.

Заяву адмыслоўца пацвярджаюць і звесткі Белстату

Сярэдні кошт цяжкавікоў, якія Беларусь экспартуе, павялічыўся сёлета на 20 %, але кошт імпартаваных рухавікоў, якія на іх ставяцца, вырас на дзве траціны, а пракат сталі, які выкарыстоўваецца для вытворчасці айчынных МАЗаў, падаражэў у паўтара разу. Паводле ўрадавага дакументу, які апынуўся ў нашай рэдакцыі, рэнтабельнасць прамысловасці сёлета знізілася, а сальда гандлю таварамі і паслугамі, па выніках года чакаецца адмоўнае.

Адмыслоўцам Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, якія правялі сустрэчы з урадам Беларусі раней на гэтым тыдні, гэтак і не ўдалося пераканаць улады перайсці да рэформаў кіравання прамысловасцю. Улады пагадзіліся ўвесці прапанаваныя ім прынцыпы карпаратыўнага кіравання, у якасці эксперыменту, толькі на адным прадпрыемстве – «Белаўтадары».

На думку шэф-рэдактара «Эканамічнай газеты» Леаніда Фрыдкіна, з усіх магчымых прадпрыемстваў, «Белаўтадар» атрымае найменшыя выгады ад рэформы кіравання, бо ён не канкуруе на рынку, а толькі выконвае дзяржаўныя падрады. Спадар Фрыдкін мяркуе, што выбар менавіта гэтага прадпрыемства для рэфармавання сведчыць, што ўлады не збіраюцца яго праводзіць усурʼёз.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары