Міністэрства спорту заспакойвае лёгкаатлетаў


Сваё абурэнне дзеяннямі сілавікоў пасля прэзідэнціх выбараў выказваюць і беларускія спартоўцы. У прыватнасці – чальцы нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы, якія сёння сустракаліся з прадстаўнікамі міністэрства спорту. Дарэчы, сам міністр – Сяргей Кавальчук – на сустрэчы не з’явіўся, даслаўшы сваіх намеснікаў.

Сустрэча ў будынку Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы адбылася за зачыненымі дзвярыма – журналістаў у памяшканне не пусцілі. Паводле прысутных на ёй, усё было досыць спакойна. Звестак пра тое, што лёгкаатлетаў нібыта плануюць задзейнічаць у праўладных мітынгах, самі спартоўцы не пацвердзілі.

«Не было ніводнага слова пра мітынгі. Не ведаю, выдумка гэта ці што… Нібы спартоўцы недзе ішлі і махалі сцягам», – кажа штурхальнік ядра Аляксей Нічыпар.

Гэта ўжо не першая размова чыноўнікаў з лёгкаатлетамі. Паводле чэмпіёнкі Еўропы ў марафонскім бегу Вольгі Мазуронак, мінулая сустрэча была нашмат больш эмацыйнаю.

«Ёсць такая версія, што дырэктар цэнтру быў звольнены менавіта пасля таго сходу. Нехта запісаў на дыктафон. Вось мы, уласна, і спыталі, ці будуць далей на нас ціснуць. Паабяцалі, што – не», – распавяла Вольга Мазуронак.

На вуліцы каля будынку цэнтру сабраўся натоўп, які падтрымліваў спартоўцаў. Дарэчы, шмат хто з прысутных сам меў непасрэднае дачыненне да спорту.

«Сёння яны маюць такі дзіўны прывілей – быць не толькі спартовым арыенцірам, але яшчэ і маральным, калі адкрыта выражаюць сваю пазіцыю наконт нязгоды з гвалтам, несправядлівасцю і фальсіфікацыямі выбараў», – гаворыць Тарас Цялькоўскі, які сам прафесійна займаўся лёгкай атлетыкай.

«Спартоўцы – такія ж людзі, як і ўсе. Яны ўсё разумеюць, бяруць удзел у грамадскім жыцці. Яны – за мірныя перамены. Яны супраць падману, супраць хлусні, супраць гвалту», – кажа Максім Дуброўскі.

«Дагэтуль працую ў спорце, у дзіцячым баскетболе, у баскетбольным клубе Мешчаракова. Тое, што адбываецца ў нашай мірнай краіне… Немагчыма заставацца паміж двух крэслаў. Ты або з аднаго боку, або з іншага… Пасярэдзіне застацца немагчыма», – зазначае яшчэ адна ўдзельніца акцыі Аксана Лялькоўская.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»