Міністэрства працы: усё больш прадпрыемстваў парушае тэрміны і памер выплатаў працаўнікам


Не налічылі заробку ў час або недаплацілі пры звальненні. Гэткія парушэнні на беларускіх прадпрыемствах сістэматычна фіксуе Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Пра сумную практыку цвердзяць і работнікі.

Жыхары Магілёва распавядаюць:

– Кожны месяц адбываецца на прадпрыемстве.

– А чым гэта тлумачаць?

– Цяжкае становішча эканамічнае.

«На жаль, не далі грошай перад святамі, даводзіцца ў тры цаны, усё па мінімуме».

«Каб затрымалі – гэта паўсямесная практыка. Добра, калі праз месяц аддадуць, а бывае, што і праз паўтара, і што часткамі».

«Няма затрымкі ніякіх з заробкам, я на год наперад ведаю, у які дзень будзе заробак. Але гэта замежнае цалкам прадпрыемства».

Прычым з кожным месяцам сітуацыя пагаршаецца. Паводле апошняга маніторынгу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у сакавіку затрыманне выплатаў зафіксавалі на 285 фірмах. У лютым у іх лік трапіла на 3 прадпрыемствы менш, а летась у лістападзе ў парушальніках не было яшчэ амаль 60 прадпрыемстваў.

Больш як на 20 прадпрыемствах выплаты не дасягнулі ўсталяванага памеру мінімальнага заробку. І гэта на фоне афіцыйнага росту сярэдняга заробку па краіне. Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць:

«Гэта рост за кошт вонкавых пазыкаў, за кошт праядання асноўных фондаў, яшчэ за кошт чагосьці. І таму такі рост, падкрэсліваю, нават калі ён і быў, то не такі высокі – 7,8 %, гэты рост не забяспечаны магчымасцямі эканомікі».

Станоўчыя паказнікі на пачатак года дэманструе і рэальны сектар эканомікі. Колькасць стратных прадпрыемстваў істотна не павялічылася, а страты такіх прадпрыемстваў скараціліся ў два з паловаю разы. Аднак цешыцца пакуль заўчасна, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Калі нават ёсць невялікі рост у асноўнай дзейнасці прадпрыемства, але дадам, што яны, гэтыя прадпрыемствы, мусяць вярнуць крэдыты банкам… Атрымаецца, што калі прадпрыемства выдала крэдыты банкам, то ў іх фінансавае палажэнне і магчымасці плаціць заробак знізіліся ў параўнанні з мінулым годам».

Выправіць сітуацыю на прадпрыемствах Лукашэнка спрабуе каманднымі захадамі. У сакавіку ён зрабіў вымову кіраўнікам Віцебскай і Магілёўскай вобласцяў, дзе затрымкі выплатаў білі рэкорды, а паказнікі сярэдняга заробку былі найменшыя. Аднак сітуацыя палепшылася ненашмат. І тая ж Віцебшчына па-ранейшаму займае першае месца ў ліку стратных рэгіёнаў і затрыманнях заробкаў.

Юлія Лабанава, belsat.eu