Міністэрства эканомікі прыдумала, што рабіць з электрычнасцю з АЭС


На будаўніцтва АЭС дзяржава ўзяла ў Расеі крэдыт $ 10 млрд. На здымку – станцыя ў кастрычніку 2018-га. Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Урадоўцы спадзяюцца прадаваць энергію з Астраўца ў Расею. Наколькі спадзевы чыноўнікаў адпавядаюць рэчаіснасці?

Пра планы экспартаваць электраэнергію сёння распавялі ў Міністэрстве эканомікі.

«Беларускім энергетыкам гэта дасць магчымасць удзельнічаць у пастаўках электраэнергіі ў перыяд рэалізацыі ў Расеі маштабнай праграмы мадэрнізацыі дзейных электрастанцыяў», – заявілі ў міністэрстве.

Заява выклікала здзіўленне адмыслоўцаў. Бо мадэрнізацыя электрастанцыяў у Расеі зусім не запатрабуе энергіі з-пад літоўскае мяжы.

«Так, такая праграма ёсць, але яна ніколі і ні пры якіх умовах не прывядзе да імпарту электраэнергіі. У нас дзесяцігоддзямі эканоміка не расце, нам дадатковыя аб’ёмы, якія могуць прыйсці з Беларусі, няма куды падзець», – кажа расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 3 мая:

«Безумоўна, гэта звязана з пытаннем, куды дзяваць электрычнасць з Астравецкай АЭС. Гэта балючае пытанне, бо АЭС – праект стратэгічны, і шмат палітыкі», – мяркуе адмысловец экалагічнага таварыства «Зялёная Сетка» Арцём Быстрык.

Астравецкая АЭС – асабісты праект Аляксандра Лукашэнкі, які хацеў зарабіць на экспарце электрычнасці ў Літву і Польшчу. Сёння стала вядома, што БелАЭС пачне працу ўжо ў снежні. Яна будзе генераваць электрычнасці значна больш за патрэбы ўнутранага рынку.

Літва, а за ёй і Польшча гарантавалі, што набываць электрычнасць з Беларусі не будуць, бо Астравецкая АЭС стаіць небяспечна блізка да літоўскай сталіцы. Расея і Украіна маюць свае магутнасці, і беларускай электрычнасці не купляюць. З энергетычнай незалежнасцю Беларусі таксама пытанні.

«Мы адмаўляемся ад 1/5 спажывання імпарту расейскага газу, за кошт таго, што электрычнасць будзе выпрацоўваць БелАЭС. Хоць паліва таксама з Расеі. Таму краіна не памянялася, а зменіцца від паліва«, – кажа Арцём Быстрык.

Астравецкую АЭС будуюць за расейскі крэдыт памерам $ 10 млрд – расейскія адмыслоўцы і з рэактарамі, здольнымі прымаць толькі расейскае паліва. У апошнім пасланні беларускаму народу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што можна пабудаваць яшчэ адну атамную станцыю, на ўсходзе Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»