Міністэрства аховы здароўя пачало рабіць скрынінг раку малочнай залозы


Штогод амаль чатыром з паловаю тысячам беларусак ставяць дыягназ – рак малочнай залозы. Рост гэтага захворвання – сусветная тэндэнцыя. Міністэрства аховы здароўя Беларусі распачало пілотны праект скрынінгу такога раку і сцвярджае, што на сёння ўжо ахапілі дзве траціны беларускіх жанчын.

Вадзім Касцюкоў, намеснік галоўнага доктара паліклінікі № 34 Менску, распавядае:

«У пачатку рэалізацыі лічбы скрынінгу былі 20–25 %. У гэтым годзе мы ўжо падышлі да 60 %. Хоць аптымальная – 70–75 %. Але год яшчэ не скончаны, мы яшчэ можам падысці да гэтай лічбы».

Спроба спраўдзіць даступнасць скрынінгу выявіла пэўныя праблемы паспяховага праекту.

– Добры дзень, падкажыце, калі ласка, хацела б маці запісаць на скрынінг малочнай залозы. Як гэта можна зрабіць?

– На што яшчэ раз?

– Мамаграма – запіс на снежань. Запісваць?

– Вы ведаеце, на платнай аснове мы запісваем. Але, на жаль, на гэты момант талонаў пакуль няма.

У групе рызыкі анкалогіі грудзей – жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў, менавіта на іх павінна распаўсюджвацца праграма скрынінгу. Жыхарка Віцебску Алена Фаміна ўвайшла ўжо ў рызыкоўны ўзрост, але пухліну знайшла ў сябе без дапамогі медыкаў:

«Я выявіла, што ў мяне нейкі шарык, пабегла да лекара. Але самае цікавае было ў тым, што да гэтага, месяц таму, я праходзіла абследаванне ў іншых лекараў: хірурга, тэрапеўта, гінеколага. Але ніхто нічога не знайшоў. Ты павінен сам цікавіцца, атрымаў інфармацыю, западозрыў нешта, засумняваўся. Хачу праверыцца, чаму не. Адзінае, што гэта будзе доўга альбо платна».

Рак малочнай залозы з кожным годам маладзее, і ўжо не дзіва сустрэць хваробу ў жанчыны трыццаці гадоў. Асабліва пад пільнай увагай медыкаў павінны быць кабеты з дрэннай спадчыннасцю.

«У маёй маці на сёння трэці рэцыдыў раку грудзей. Цяпер ёй 61. Упершыню яна захварэла яшчэ да 40. Між сваймі рэцыдывамі яна не звяртала належнай увагі на сваё здароўе ды скрынінгі, якія павінна была праходзіць, яна не праходзіла», – распавядае Ганна Паўлоўская, жыхарка Менску.

Пытанне свайго здароўя Ганна трымае на кантролі і рэгулярна праходзіць неабходныя даследаванні. З уласнай ініцыятывы і за свае грошы:

«Акрамя пальпацыі, якую рэкамендуе лекар, ніякай больш дадатковай дыягностыкі ў сваёй паліклініцы я не атрымлівала».

34-я паліклініка сталася адзінай у краіне ўдзельніцаю праграмы скрынінгу раку малочнай залозы і менавіта тут мусіць быць самы высокі ахоп сярод жанчын. Адмыслоўцы тлумачаць адсутнасць чэргаў страхам кабет праходзіць даследаванні. Няўжо баімся паходу да доктара?

«Ну, не рабіла, не было прычыны».

«Дзесьці чытала, што гэта шкодна вельмі».

«Неяк мне не трэба было, дык я і не хадзіла», – кажуць жыхаркі Менску.

Праблемы з прафілактыкаю і выяўленнем раку малочнае залозы прызнаюць і адмыслоўцы. Леанід Путырскі, мамолаг:

«Першае – гэта фінансавыя пытанні, трэба апаратуры шмат. І не толькі стацыянарнай апаратуры. Патрэбныя мабільныя ўстаноўкі, а гэта іх каля 20 на Беларусь, неабходна ў сельскай мясцовасці. А за гэтым цягнецца ўсё астатняе. Мы паставілі апаратуру, кожную мамаграму павінны чытаць два рэнтгенолагі, якіх трэба падрыхтаваць».

Своечасовае выяўленне раку малочнай залозы залежыць ад шматлікіх фактараў, пачынаючы ад зацікаўленасці самой жанчыны ў абследаванні і заканчваючы якасным медычным абсталяваннем.

Алена Дубовік belsat.eu