Міністэрства аховы здароўя канстатавала тры выпадкі Covid-19 у Беларусі


Двое хворых у Менску ды адзін – у Віцебску. У нашай краіне афіцыйна зафіксаваныя тры выпадкі Covid-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя. Усе захварэлыя на каранціне пад медычным наглядам. Іхны стан здавальняючы.

«Сёння мы яшчэ направім нашыя вынікі ў рэферэнс-лабараторыю сусветнай арганізацыі здароўя, каб нам пацвердзіць нашыя выпадкі, што мы сапраўды выявілі», – паведаміла намесніца міністра аховы здароўя, Наталля Жукава.

Фрагмент РНК небяспечнага каронавіруса ў працаўніцы Віцебскага футравага камбінату выявілі ўчора. Жанчына з дзвюма каляжанкамі вярнуліся з камандзіроўкі з Італіі. Людзей, якія мелі з ёю беспасярэдні кантакт, змясцілі на двухтыднёвы каранцін у абласную інфекцыйную больніцу. Гэта 26 асобаў. Небяспекі іхнаму здароўю пакуль не выявілі.

«Для чаго гэта робіцца? Для чаго, каб сілы і сродкі накіраваць на тое, каб забяспечыць эпідэміялагічнае дабрабыту ў нашае краіне. І пакуль гэтая сістэма, я спадзяюся, і ў будучым, будзе апраўданая», – патлумачыла намесніца міністра аховы здароўя, Наталля Жукава.

Самое ж прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме.

«Ну, я ведаю, што рукі трэба мыць, а так – нічога не казалі», – распавёў працаўнік футравага камбінату.

«Заражаныя некаторыя людзі былі, але пакуль нічога пра гэта не ведаю», – распавёў іншы працаўнік футравага камбінату.

Уваход у сталічны БНТУ – выключна паводле студэнцкіх білетаў. Універсітэт першым адчуў удар Covid-19: днямі медыкі выявілі каронавірус у студэнта, які прыехаў з Ірану. Прынамсі да сярэдзіны сакавіка ўстанову перавялі на індывідуальнае навучанне. У той жа час адміністрацыя заклікае студэнтаў не выязджаць з інтэрнатаў.

«Проста не хочуць, каб распаўсюджвалася гэта ўсё па іншых гарадах і каб не заражалі іншых, калі яны хворыя», – лічыць студэнтка БНТУ.

«У нас учора вывезлі дзве асобы з нашага інтэрнату. Мы запытвалі выкладчыкаў, што ўвогуле вядома, наконт гэтага нам нічога не сказалі», – распавяла студэнтка БНТУ.

«Можа быць, у інтэрнатах лепш быць, бо гэта будзе больш кантралявацца. Я не ведаю сапраўды, як будзе лепш. Разносіць заразу па гарадах – гэта не варыянт», – мяркуе студэнт БНТУ.

Захады робяцца і беларусамі за мяжою. Студэнтаў ЕГУ перавялі на дыстанцыйнае навучанне на два тыдні. У Літве пакуль зафіксавалі адзін выпадак захворвання. Колькасць заражаных павялічваецца ўва ўсім свеце і набліжаецца да 90 тысячаў чалавек.

«Мы разумеем, што не можам быць на 100 % успрымальныя, але, як мяркуем, ідзе вельмі вялікі ахоп людзей з заражэннем. Пры грыпе такога няма. Гэтак, ускладненні такія ж самыя, нават пры грыпе можа быць больш складаная пнеўманія», – паведаміў інфекцыяніст з Кіеву, Віталій Янчанка.

А таму нават пры першых сімптомах, здавалася б, звычайнай вострай рэспіратарнай інфекцыі беларускае Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе выклікаць хуткую і не займацца самалекаваннем. Мінімалізаваць рызыку заражэння можна таксама самастойна – часцей мыць рукі, карыстацца дэзынфектарам.

Юлія Лабанава, «Белсат»