Аб'ектыў 12.11.2018 Міністэрства адукацыі хоча прымусіць бюджэтнікаў сумяшчаць вучобу і адпрацоўку


З выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў, якія ўхіляюцца ад працы па размеркаванні, спаганяюць грошы, затрачаныя дзяржаваю на іхнае навучанне. На чарзе і новая прапанова Міністэрства адукацыі – сумяшчаць навучанне і працу.

Гісторык Сяргей Герман паступаў ва ўніверсітэт паводле мэтавага накіравання. Таму па заканчэнні навучальнай установы ён меў адпрацаваць размеркаванне 5 гадоў. Аднак у прапанаваны яму Ашмянскі раён выпускнік ехаць не захацеў, за што мусіў выплаціць дзяржаве шэсць тысяч долараў за сваё навучанне на бюджэце.

«Гэта была вельмі кепская перспектыва – паехаць на 5 гадоў у не самы лепшы раён, не ў самыя лепшыя ўмовы, наклаліся розныя асабістыя прычыны. Таму я вырашыў узяць выплаціць і быць вольным», – расказвае Сяргей Герман, выпускнік бюджэтнай формы навучання.

Сяргей Герман далёка не адзіны, хто не задаволены сістэмаю прымусовага размеркавання. Жыхары Менску гавораць:

«Я як навучэнец бясплатнага аддзялення так скажу: лепей без яго. Таму што мы і гэтак усё самі шукаем, а нас кудысьці спрабуюць размеркаваць, і часам там месцы не вельмі добрыя».

«Ведаем людзей, якіх ужо размеркавалі, і заробак, мякка кажучы, – не вельмі».

«Калі ты разумееш, што гэта не твая сцежка, і ты хочаш працаваць у іншай галіне, ты абавязаны будзеш адпрацоўваць. У гэтым выпадку – гэта дрэнна».

«Заканчвала музычны каледж, размеркавалася, працую настаўнікам музыкі, усё нармальна».

Калі адныя вырашаюць вярнуць грошы дзяржаве, іншыя спрабуюць з часам атрымаць даведку аб пераразмеркаванні або самастойным працаўладкаванні. Калі ж адпаведнага месца не знойдзецца, грошай дзяржаве можна не вяртаць. На тое, што не ўсе адпрацоўваць па незапатрабаваных вакансіях, звярнуў увагу ўрад. Следам жа Міністэрства адукацыі пастанавіла ўзмацніць кантроль за выпускнікамі.

«Лічыцца, калі праблема з размеркаваннем, дык гэта вінаватыя ўстановы адукацыі. А чаму яны? Можа праблема ў тым, што сама сістэма няякасная. І праблема ў тым, што студэнты не хочуць туды ехаць?» – каментуе Вадзім Мажэйка, аналітык «BISS».

Паводле Вадзіма Мажэйкі, пакуль сістэма размеркавання прымусовая, яна не выконвае сваіх задачаў. Не дапамагае знайсці ані добрага месца працы выпускніку, ані развязаць праблему недахопу кадраў. Пасля адпрацоўвання аладыя спецыялісты часта не застаюцца там, куды іх размеркавалі. У якасці альтэрнатывы чыноўнікі думаюць аб тым, каб пераняць досвед падрыхтоўкі кадраў у Нямеччыне. Там студэнты сумяшчаюць тэарэтычныя заняткі з працаю на прадпрыемствах.

«З аднаго боку, гэта добра. Так, таму што трэба больш практыкі, але як гэтую практыку ўяўляюць? Як казаў прэзідэнт: ісці ў поле або на завод. Няма ўяўлення, што ёсць спецыяльнасці, дзе практыка выглядае зусім па-іншаму», – гаворыць Вадзім Мажэйка, аналітык «BISS».

Чакаць укаранення нямецкай дуальнай сістэмы навучання – сумяшчэння вучобы і працы – нават пры пазітыўным рашэнні міністэрства і ўраду наўрад ці выпадае хутка. Укараненне новай практыкі патрабуе зменаў заканадаўства. Затое выпрацаваць захады, каб не здаралася неабгрунтаванага ўхілення ад размеркавання, плануюць ужо да 15-га лістапада.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары