«Мінібухенвальд эканом-класу». Менчукі супраць аўтастаянкі


Вынікі выбараў у Беларусі, на любым узроўні, амаль заўжды можна прадказаць на 100 %. Бо вядома хто гэтыя выбары арганізуе, і як лічыць галасы. Таму апазіцыйныя палітыкі выкарыстоўваюць выбарчую кампанію, хутчэй як шанец для больш-менш бяспечнай формы змагання за новых прыхільнікаў. А самыя выбарцы карыстаюцца выбарамі для рашэнне мясцовых праблемаў.

На месцы зялёнай пляцоўкі, што ў двары дамоў каля плошчы Талбухіна, Менгарвыканкам хоча пабудаваць адміністрацыйны чатырохпавярховы будынак з падземнаю паркоўкай. Мясцовыя жыхары катэгарычна супраць такога суседства.

«Падземная стаянка адкрытага тыпу, то бок вентыляцыя ў фортку, на 120 машын, якія грэюцца. Канкрэтна будуецца мінібухенвальд эканом-класа», – даводзіць мясцовая жыхарка Галіна Сінялевіч.

«Мы прасілі разгледзець альтэрнатыўныя варыянты – дзіцячая пляцоўка, дадатковая дашкольная ўстанова, бо ў нас на раёне садок маленькі, але на жаль нас не чуюць», – дадае Алена Пенкрат, суседа Галіны.

Уся надзея на апазіцыю?

Юрый Губарэвіч, які менавіта з гэтай Акадэмічнай акругі плануе вылучацца на кандыдата ў дэпутаты мясцовага савету, адзначае, што праект, прапанаваны гарвыканкамам, мае шэраг парушэнняў. Гэта і адсутнасць праекту дэталёвага планавання, і парушэнне рэжыму ахоўных зонаў гістарычна-культурнай каштоўнасці ды нормаў па адлегласці гаражоў да жылых дамоў, і экалагічная нагрузка на мікрараён. З гэтымі пытаннямі старшыня руху «За свабоду» разам з выбарцамі акругі звярнуўся да першага намесніка старшыні Менгарвыканкаму Фёдара Рымашэўскага.

На пісьмовы адказ гарвыканкам мае месяц. Прыкладна столькі ж часу мае Юрась Губарэвіч, каб вылучыцца кандыдатам. Да 8-га студзеня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў могуць вылучыць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Fomichev Mikhail / ITAR-TASS / Forum