Мінэнерга спрабуе вызваліць месца для электрычнасці з АЭС


Міністэрства энергетыкі перадало на подпіс Лукашэнку новы ўказ пра аднаўляльныя крыніцы энергіі. Дакумент перадусім узмацняе патрабаванні да абсталявання і павялічвае справаздачнасць для зялёнай энергетыкі. Чыноўнікі тлумачаць гэткія захады дбаннем пра нізкія тарыфы на электраэнергію. Аднак паводле адмыслоўцаў у галіне – Мінэнерга проста спрабуе вызваліць месца для электрычнасці з АЭС.

Энергетычныя чыноўнікі, нібы той герой са славутай кнігі Мігеля дэ Сэрвантэса, будуць змагацца з ветракамі, а шырэй – з усімі крыніцамі аднаўляльнай энергіі. Прынамсі, гэтак сцвярджаюць людзі, заангажаваныя ў гэтую зялёную галіну. Цяпер дзяржава адмыслова закупляе энергію з аднаўляльных крыніцаў за вышэйшы кошт. Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца belrynok.by:

«З нуля вельмі хутка пачалася развівацца вось такая зялёная энергія. Рэч у тым, што ў гэтым заканадаўстве былі закладзеныя вельмі льготныя ўмовы».

Міністэрства энергетыкі падрыхтавала на подпіс Аляксандру Лукашэнку новы ўказ. Таму неўзабаве ўмовы могуць змяніцца.

«Іх прапануюць змяніць на нейкія стымуляцыйныя каэфіцыенты. Мне слаба ўяўляецца, што гэта значыць», – ацэньвае меркаваныя новаўвядзенні Арцём Быстрык, грамадскае аб‘яднанне «Зялёная сетка».

Дадаткова ва ўказе хочуць абавязаць уладальнікаў установак паведамляць за дзень, колькі кілават-гадзінаў выпрацуе вятрак або сонечная станцыя. Уладзімір Нісцюк, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка»:

«На наш погляд, ідзе імітацыя нейкай працы. Нешта робяць. Як быццам спрабуюць ліквідаваць на энергетычным рынку канкурэнта атамнай станцыі».

Цана на зялёную энергію – вышэйшая за атамную ці газавую. Але эксперты пераконваюць: гэта ўкладанне ў нашую будучыню, і ў далейшай перспектыве ўкладзеныя сродкі сябе адбіваюць.

«Высокія тэмпы развіцця АКЭ могуць прывесці… да замяшчэння таннай электраэнергіі ад электрастанцыяў ДВА «Белэнерга» на дарагую», – паведамляе сайт «Белэнэрга».

Але аўтара расследаванняў пра тэндары ад «Белэнерга» такое тлумачэнне не пераконвае.

«Ёсць вялікая верагоднасць, што тыя рэсурсы, якія будуць забраныя з альтэрнатыўнай энергетыкі, гэтаксама разыдуцца ў схемы з прыкметаю карупцыі. Яны зноў закупяць нейкае абсталяванне ўдвая даражэй», – мяркуе Станіслаў Івашкевіч, аўтар праграмы «Давайце разбірацца».

Мы спрабавалі больш падрабязна даведацца ў чыноўнікаў, у чым жа прычына зменаў у заканадаўстве. Жанна Зянькевіч, прэс-сакратар Міністэрства эканомікі (па тэлефоне):

– «Белсат» не з’яўляецца, не мае ліцэнзіі, акрэдытацыі для працы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму як афіцыйная асоба я з Вамі… не магу даваць Вам ніякіх каментароў.

– Але я не працую з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Я цяпер працую з тэрыторыі Рэспублікі Польшча.

– Не ведаю, на якой тэрыторыі Вы працуеце. Не магу сабе гэта ўявіць.

Дадаткова праект указу дазволіць у Беларусі ўсталёўваць для выпрацоўвання зялёнай энергіі выключна новае абсталяванне.

«Раней можна было, і гэта вельмі часта выкарыстоўвалася, выкарыстоўваць сэканд-хэнд ветракі. З Польшчы, Даніі. Так, яны маюць меншы тэрмін эксплуатацыі, але яны ўсе былі адрамантаваныя», – дзівіцца Арцём Быстрык з грамадскага аб’яднання «Зялёная сетка».

Эксперты асцерагаюць: змены правілаў гульні адштурхнуць ад Беларусі інвестараў. Але ўсё ж такі адмыслоўцы знайшлі ў новым праекце і пазітыўны момант – вытворцы змогуць прадаваць сваю энергію не толькі «Белэнэрга», але і спажыўцам. Што праўда, праз тыя самыя сеткі «Белэнэрга».

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu