Мільён долараў за 3 гадзіны. Аргентынец перамог першую ракетку свету


Тэніс

Хуан Марцін дэль Потра стаў пераможцам буйнога тэніснага турніру ў амерыканскім Індыян-Ўэлзе.

У фінале спаборніцтваў аргентынец, шостая ракетка свету, быў мацнейшы 6:4, 6:7, 7:6 за лідара сусветнага рэйтынгу швейцарца Роджэра Фэдэрэра. За дзве гадзіны і 42 хвіліны, праведзеныя на корце, Дэль Потра зрабіў 2 брэйкі, выканаў 8 эйсаў і толькі адзін раз памыліўся пры падачы. Аднак у асабістых супрацьстаяннях спартоўцаў Фэдэрар застаецца лідарам, а тут лік 18:7. Гэты тытул стаў для Дэль Потра 22-м у кар’еры і прынёс яму тысячу рэйтынгавых балаў і адзін мільён 340 тысяч долараў прызавых.

У жаночым адзіночным разрадзе трыумфатаркаю стала 44-я ракетка свету японка Наомі Осака. У галоўным матчы яна ў двух сэтах 6:3, 6:2 без праблемаў разабралася з расяянкаю Дар’яй Касаткінай, якая ў спісе WTA – на 19-м радку. Раней спартоўкі міжсобку не сустракаліся, а прызавых, як і рэйтынгавых, балаў Осака атрымала столькі ж, колькі і Дэль Потра.

Футбол

Барысаўскі БАТЭ стаў апошнім удзельнікам паўфінальнай стадыі Кубка краіны па футболе. На сваім полі ў другім матчы 1/4 супраць «Іслачы» БАТЭ перамог суперніка з такімі ж лічбамі, як і ў стартавым двубоі, 2:1.


У Доме футболу адбылося паседжанне арбітражу нашай футбольнай асацыяцыі, падчас якога разгледзелі заяву «Крумкачоў» – каб ім дазволілі ўдзельнічаць у ліцэнзаванні. У выніку клубу было адмоўлена, а гэта значыць, што ў справе пастаўленая кропка, і «Крумкачы» ў сёлетнім сезоне не выступяць у найвышэйшай лізе, а разам з гэтым, магчыма, спыняць сваё існаванне.

Як напісала ў сваім «Тўітэры» прэс-служба каманды, цытата, «на вялікі жаль, апошняя параза ў кабінетах. Гэта былі цудоўныя 4 гады. Дзякуй Вам за падтрымку».

Месца «Крумкачоў» у эліце зойме сталічнае «Тарпеда».

Хакей

Хакеісты гарадзенскага «Нёмну» за крок ад фіналу Экстралігі хакейнага чэмпіянату краіны. У гасцях у «Дынама» з Маладзечна гарадзенцы не пакінулі шанцаў апаненту і ўпэўнена яго перагулялі 4:1.

 

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Jayne Kamin-Oncea / USA TODAY Sports / Forum