Мільярды долараў, якіх беларусы не пабачаць, але будуць вымушаныя вярнуць

Вялікая палітыка – гэта вялікія грошы ды… вялікі спрыт. Паабяцаць Лукашэнку паўтара мільярда долараў, але пры гэтым большасць сумы застанецца ў расейскім дзяржаўным скарбе.

«Перш за ўсё хачу Вам падзякаваць».

Пакуль Лукашэнка дзякаваў, Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна ўдакладніў:

«Частка гэтага крэдыту будзе выкарыстаная для рэфінансавання раней прадастаўленых узаемных сродкаў».
У адрозненне ад Лукашэнкі, апытаныя намі сталічныя мінакі крамлёўскай шчодрасці не ўсцешыліся:
«Гэта яшчэ адна праблема і ўсё».
«Усе гэтыя крэдыты давядзецца аддаваць, яшчэ і з адсоткамі».
«Крэдыт даецца не на дзяржаву, а самі разумееце для каго і чаго, карысць прынясе мінімальную, толькі людзям будзе горш».
«Крэдыт будзе растрачаны на амапаўцаў, а мы будзем вяртаць, як звычайна».
«Гэты крэдыт пойдзе на заробак тым, хто з ім, мы як мелі фігу, гэтак і будзем мець».

Не выказваюць аптымізму і эканамісты.

«Жывых грошай мы, хутчэй за ўсё, не пабачым. Частка гэтых грошай пойдзе на вяртанне дзяржаўнай пазыкі, частка можа пайсці на аплату «Газпрому», – кажа Леў Львоўскі.

Зялёнае святло на крэдытаванне расейскіх банкаў ды прадпрыемстваў на мінулым тыдні даў і прэмʼер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін.

«Вы думаеце, яны дабрадзеі? Яны проста так бескарысліва дапамагаюць беларускім банкам і прадпрыемствам? Ды не!», – сцвярджае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Беларускі эканаміст перакананы, што расейскі бок усё дакладна і прагматычна разлічыў: спачатку тамтэйшыя банкі павялічаць сваю прысутнасць у Беларусі, скупяць акцыі прыбытковых айчынных прадпрыемстваў, а пасля папросяць вярнуць даўжок:

«Калі Беларусь будзе не ў стане абслугоўваць дадзеныя пазыкі, расейскія банкі на цалкам законных падставах скажуць: вярніце нам калі не грошы, то акцыі. І гэтак ціхай сапай без удзелу беларусаў у Беларусі рызыкуе прайсці прыхватызацыя на карысць тых, хто сёння дае крэдыты».

Агулам нашая краіна вінная ўсходняй суседцы 7 з паловаю мільярдаў долараў, яшчэ два мільярды – Еўразійскаму банку развіцця ды буйнейшыя выплаты па аблігацыях, скупленых расейскім капіталам. Чарговыя паўтара мільярда долараў пазыкі ўзяў палітык, легітымнасць каторага прызнае, бадай, толькі Расея.

«Ціханоўская ўжо сказала, што мы ўласна да гэтых грошай не маем ніякага дачынення. І для заходняга свету відавочна, што калі ён сыдзе, то скажуць, што гэтыя грошы атрымліваў ледзь не асабіста Лукашэнка і ў нейкай ступені, дастаткова вялікай, будуць мець рацыю», – лічыць расейскі фінансавы аналітык Уладзімір Леўчанка.

Імаверна, у Крамлі разумеюць, што пасля змены рэжыму беларусы могуць адмовіцца ад вяртання гэтых крэдытаў. Чаму ж Расея ідзе на такую рызыку?

«Калі яны не ўтрымаюць Лукашэнку пры ўладзе, яны страцяць Беларусь, таму яны гатовыя ўкідваць мільярды дзеля таго, каб утрымаць Лукашэнку і ягонымі рукамі задушыць беларускую рэвалюцыю, а пасля гэтага яны могуць рабіць усё што заўгодна з краінаю».

Падобна, што гісторыя паўтараецца. Сем гадоў таму Віктар Януковіч таксама прыехаў да Пуціна і таксама ў Сочы ды атрымаў дабро на крэдыт 15 мільярдаў долараў. Але нават такая сума не ўратавала ягонай улады. А Масква і Кіеў дасюль судзяцца з нагоды вяртання крэдыту.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Тэгі: