Аб'ектыў 19.11.2018 Міліцыянты зламалі мужчыну рэбры і абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да самых сябе


З пацярпелага – у абвінавачаныя. Гэтак для грамадзянаў нашае краіны можа абярнуцца канфлікт з удзелам супрацоўнікаў міліцыі. Пра чарговы такі выпадак стала вядома ў Берасці. Сяргея Ярася міліцыянты збілі на падворку ўласнага дому, аднак у выніку за кратамі ў ізалятары апынуліся не праваахоўнікі, а сам берасцеец.

«Тут у мяне адказы адныя…»

«Аднатыпныя. Яны проста ксеракапіююцца і адпраўляюцца. Больш нічога не робіцца. Ніякіх праверак яны не ажыццяўляюць».

Звароты ані ў МУС, ані ў пракуратуру, ані ў Следчы камітэт плёну не далі, распавядае Валянціна Ярась. Ейны 35-гадовы сын Сяргей ужо месяц – у следчым ізалятары Берасця. Мужчыну абвінавачваюць у збіванні міліцыянта. Валянціна Ярась, маці абвінавачванага:

«Майго сына з 15 кастрычніка закрылі ў СІЗА, таму што ён можа схавацца ад суда і ўплываць на паказанні сведкаў. Хоць следства вельмі даўно скончанае».

Падставаю для гэтага быў інцыдэнт гадовай даўніны. Сяргей з сябрамі адпачываў на сваім участку ў прыватным сектары, калі да іх завіталі два міліцыянты. Іх выклікала суседка, якой перашкаджала музыка.

«Ніхто на асобы не пераходзіў, ніхто нікога не абражаў. Сказалі – так, добра, там, калі ласка, – выхад. Вы сыходзьце, мы ўсё прыглушым», – распавядае Ігар Богуш, сябра абвінавачванага.

Неўзабаве да міліцыянтаў прыехала ўзброеная падмога. Мужчынам пырснулі ў вочы слезацечным газам, заламалі рукі, павалілі на зямлю ды пачалі збіваць. Ноч яны правялі ў пастарунку, а раніцай кожнага аштрафавалі за хуліганства.

«Было прад’яўлена тое, што мы, знаходзячыся ў нецвярозым стане, у грамадскім месцы распівалі алкагольныя напоі, лаяліся, было нават так менавіта – на адрас мінакоў. Так было напісана. Я здзівіўся: якія мінакі? Якія грамадскія месцы, калі мы былі ў двары дому», – расказвае Ігар Богуш, сябра абвінавачванага.

Магчыма, гэтак гісторыя і скончылася б, аднак Сяргей Ярась, якому дасталася больш за астатніх, – тры зламаных рабрыны і 23 гематомы, паскардзіўся на дзеянні сілавікоў. Праз паўгода Следчы камітэт завёў дзве крымінальныя справы: за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а пасля – і за ґвалт у дачыненні да міліцыянта. Першую – прыпынілі за недаказанасцю. А другую – накіравалі ў суд.

«Калі ўзбудзілі справу, значыць былі падставы, я як следчы кажу. Значыць – дастаткова падставаў было. Але па заканчэнні расследавання атрымалася, што пацярпелы стаў абвінавачваным. Яўна, што тут нейкія чыны задзейнічаныя ў гэтай гісторыі, каб прыкрыць кагосьці», – тлумачыць Алег Волчак, Прававая дапамога насельніцтву.

Паводле Алега Волчака, выпадкаў, калі сілавікоў караюць за неабгрунтаванае ўжыванне сілы, амаль не бывае. Гэтак не пацярпелым, а абвінавачаным стаў і паранены міліцыянтам 1-га студзеня 2017-га жыхар Менску. Пры гэтым міліцыянт страляў яму ў спіну. Наколькі ж якасна працуе беларуская міліцыя і ці займаецца належнымі справамі, мы запыталі ў мінакоў:

«Хацелася б, каб было нейкае стаўленне да людзей больш сардэчнае. Усё ж такі яны служаць для нас, а не мы служым для іх».

– Я, шчыра кажучы, з імі рэдка сутыкаюся, і вельмі гэтаму рады, скажам так.

– А чаму рады?

– Менш праблемаў.

«Мне падаецца, што нашая міліцыя працуе так, як і ўся дзяржава. Таму, мы можам ставіцца да гэтага як хочам, перабольшваюць яны паўнамоцтвы, ці не – так працуе ўся дзяржава».

І Берасце тут не выключэнне. Паводле адваката Сяргея Ярася, у працаўнікоў міліцыі не было падставаў затрымліваць і тым больш збіваць грамадзянаў. Тым не менш, пракуратура не знайшла парушэння ў дзеяннях міліцыі. Цяпер Сяргею Ярасю пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі да 6-ці гадоў.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары