Міліцыянты збілі жыхара Хойнікаў на вачах у дзяцей, а потым аштрафавалі


Катавалі на вачах у дзяцей, збілі, цяпер далі штраф. Суд Хойніцкага раёну Гомельскай вобласці аштрафаваў жыхара Хойнікаў, які заступіўся за незнаёмца перад міліцыянтамі, больш чым на 600 рублёў. Яго прызналі вінаватым у адсутнасці флікера, непадпарадкаванні ды абразе міліцыянтаў.

Прапаршчык цісне трывожную кнопку на руцэ! Караул! Гэта не захоп адміністрацыйных будынкаў – гэта незалежныя журналісты і блогеры прыехалі ў Хойнікі на суд да Аляксея Шасцярыка, збітага міліцыяй. Праўда, асудзілі самога пацярпелага. Суддзя Андрэй Кардаш даў Аляксею штраф 612 рублёў за адсутнасць святлоадбівальнага элемента – флікера, за абразу міліцыянтаў і непадпарадкаванне. Шматдзетны бацька, аднак, будзе дамагацца, каб судзілі сапраўдных злачынцаў паводле Крымінальнага артыкулу.

«Я не чакаў, што за тое, што я невінаваты, можна даць штраф. Я пацярпелы, а яны робяць мяне вінаватым. Буду абскарджваць, бо тут пацярпелі нашыя дзеці, гонар нашай сям’і», – распавядае Аляксей Шасцярык.

Міліцыянты недарма хаваюцца ад камераў. У студзені яны моцна збілі Аляксея на вачах у ягоных малых дзяцей. Шматдзетны бацька вінаваты ў тым, што на вуліцы пацікавіўся прычынаю затрымання меркавана нецвярозага мужчыны. Міліцыянты сказалі Аляксею, каб н(я) лез не ў сваю справу і што завязуць у аддзяленне за адсутнасць флікера, а потым павалілі на зямлю. Разбілі Аляксею вусны, сталі ламаць руку. Выбегла жонка – Ірына Шасцярык. Ёй не давалі нават забраць дзяцей.

Дзеці ад страху апісаліся. А міліцыянты размаўлялі з жонкаю Аляксея нібыта нічога не здарылася.

У судзе пацярпелым прызналі міліцыянта, нібыта абражанага падчас жорсткага затрымання.

«Не ён пацярпеў, а пацярпелі мае дзеці. Якія ходзяць па вуліцы, і плачуць, калі бачаць нашых… тых, хто мусіць нас ахоўваць. А яны плачуць ад іх выгляду», – кажа Шасцярык.

Замоўчваць такія сітуацыі – горш для саміх пацярпелых, кажуць праваабаронцы.

«Чым менш гарадок, населены пункт, тым большае бязмежжа з боку прадстаўнікоў улады, працаўнікоў міліцыі. Безумоўна, будзе ціск на гэтую сямʼю. Але калі яны не будуць скардзіцца, уздымаць справу, ім будзе яшчэ горш. Іх зламаюць аб калена, яны ніколі нічога не змогуць абараніць, ім прыйдзецца зʼязджаць адтуль», – кажа гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Пра міліцэйскае бязмежжа і ў сталіцы, і ў рэгіёнах «Белсату» рэгулярна распавядаюць пацярпелыя. Аднак Міністэрства ўнутраных справаў рэагуе на гэтыя справы агрэсіўна ды стараецца не караць сваіх падначаленых за катаванне і здзекі з грамадзянаў.

«Яны справу імкнуцца замяць, бо вельмі вялікі адсотак дзеянняў міліцыі ў злачынствах і парушэннях законнасці», – адзначае Яўсеенка.

Падобны выпадак – з флікерам і фізічнымі пашкоджаннямі – адбыўся на пачатку лютага ў Рагачове. Віктар Арцюх ішоў дадому, яго затрымалі за адсутнасць флікера, а каля аддзялення міліцыі сталі біць, зламалі рабро. Замест таго, каб пакараць сваіх працаўнікоў, міліцыя пераследуе тых, хто распавядае пра інцыдэнт. Напярэдадні міліцыянты прыйшлі з вобшукам да рэдактара інтэрнэт-старонкі «Рагачоў Онлайн» Дзяніса Дашкевіча, які апублікаваў фота «пярэваратняў у пагонах».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»