Аб'ектыў 16.03.2019 Міліцыянты збілі інваліда, каб той ўзяў на сябе злачынства


Зусім нядаўна Ігар Шуневіч казаў пра інфармацыйныя атакі супраць міліцыі ды выцек інфармацыі са зводак, а вось ягоныя падначаленыя зноўку дыскрэдытуюць Міністэрства ўнутраных справаў. У Клімавічах Магілёўскай вобласці міліцыянты білі мужчыну з інваліднасцю, каб той узяў на сябе падпал.

Павіншавалі сваю жаночую палову са святам, і восьмага сакавіка – прабел ў навінавай стужцы Магілёўскага Упраўлення Унутраных справаў.

Запоўнім яго самі. Гэтыя пабоі Сяргей Кабат атрымаў таго дня ў РУУС гораду Клімавічы.

«Хацелі каб я на сябе віну ўзяў, што я гэта зрабіў, але я адмовіўся, бо гэта не маіх рук справа», – распавёў Сяргей Кабат, жыхар вёскі Асмолавічы.

Двое міліцыянтаў наведалі жыхара вёскі Асмолавічы, абвінавацілі ў падпале закінутага будынку мясцовай пошты.

«Я гэтага не рабіў. І што – яны вас білі? Па чым? Па ўсім па чым магчыма, у наручніках сагнулі і білі», -дадае Сяргей Кабат, жыхар вёскі Асмолавічы.

Прызнання з мужчыны не выбілі, а ягонай сястры Наталлі Трахімік паведамілі:

«Міліцыя яго ўжо дапытала, накіравала на лекаванне, бо прызнала неадэкватнымі ягоныя паводзіны і павезла на лекаванне ў Магілёўскую псіятрычную больніцу», – распавяла Наталля Трахімік, сястра пабітага.

Санітар адзінаццатага аддзялення псіхіятрыі засведчыў пабоі на целе Сяргея. Гэтыя здымкі далучаныя да справы, накіраванай у Пракуратуру Клімаві(ц)кага раёну.

Спадарыня Наталля непакоіцца, што ў высвятленні праўды сілавікі могуць маніпуляваць праз… дыягназ брата.

«Мой брат мае 3-ю ступень інваліднасці і стаіць на ўліку ў псіхіятра. Гэта наступствы чэрапна-мазгавой траўмы», – кажа Наталля Трахімік, сястра пабітага..

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што вЫпадак непалітычны, таму шанцы на расследаванне ёсць.

«Будуць спрабаваць уратаваць гонар мундыру, спрабаваць спусціць на тармазах. У гэтым выпадку трэба настойваць на сваім, калі Пракуратура дасць адмову ў завядзенні крымінальнай справы, варта абскардзіць вышэй», – адзначае Барыс Бухель, праваабаронца.

Выпадкі збіцця міліцыяй і ў міліцыі – не адзінкавыя. Толькі з апошніх уздыманых намі выпадкаў – збіццё ў Шчучынскім РАУСе Аляксея Шчадрова, дарэмна вінавачанага ў крадзяжы.

«Пасля таго як пачалі ўжо па галаве біць і па плячох, дзеля таго каб перасталі біць, сказаў ім што гэта я ўзяў», – узгадвае Аляксей Шчадроў, збіты міліцыянтамі ў Шчучыне.

Недалёка ў гісторыі і збіццё менчука Іллі Зубені ў РУУС Савецкага раёну сталіцы:

«Нагамі па галаве білі, гэта засведчана судмедэкспертызаю ў Навінках», – кажа Ілля Зубеня, збіты міліцыянтамі ў Менску.

Супрацоўнікі грамадскага пункту аховы правапарадку нумар восем Ленінскага РАУСу ў Магілёве – пайшлі яшчэ далей.

«Мяне збілі супрацоўнікі міліцыі вельмі моцна, што я губляў прытомнасць некалькі разоў і яшчэ… надзекваліся з мяне гумавай палкаю», – сведчыць Станіслаў, гвалтаваны міліцыянтамі ў Магілёве.

Ва ўсіх выпадках мужчыны змагаліся за пакаранне сілавікоў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары