Аб'ектыў 24.04.2019 Міліцыянты перайшлі да масавых рэпрэсіяў супраць праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасці


Штрафы ад 25 да 40 базавых. Гэткае судовае рашэнне чакала сёння праціўнікаў акумулятарнага заводу «АйПаўэр». У судзе Ленінскага раёну Берасця сёння разглядалі пяць адміністратыўных справаў у дачыненні актывістаў.

Праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу Зміцер Андрасюк:

«Меў нахабства рэалізаваць свае правы, якія прапісаныя ў 33-м і 35-м артыкуле Канстытуцыі. Свабодна гуляць, збірацца, абмяркоўваць праблемы са сваймі сябрамі і гэтаксама выказваць сваё меркаванне».

Змітру Андрасюку за ўдзел у пратэсце пастанавілі сплаціць 1020 рублёў. Ягонага паплечніка Віталя Казака пакаралі на 765 рублёў. Мужчыну абвінавацілі ў выкрыкванні лозунгу, якога ён не казаў.

Віталь Казак, праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу:

«Вырашылі яшчэ раз націснуць, яшчэ раз прыбраць грамадзянаў, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пакараць, аштрафаваць, даць зразумець іншым, што з вамі будзе тое самае, а мне даць зразумець, што высунешся яшчэ раз – атрымаеш больш. Дык цяпер, я лічу, сапраўды выйсці і сказаць «не заводу!», каб яны насамрэч гэта пачулі!»

Кацярына Басаргіна судовага рашэння сёння не пачула. Ейную справу працягнуць разглядаць заўтра. Да суда жанчына правяла выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання, нягледзячы на тое, што, паводле Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, гэткія захады не могуць ужываць у дачыненні кабеты, якая мае няпоўнагадовых дзяцей.

Кацярына Басаргіна, праціўніца будаўніцтва акумулятарнага заводу:

«З пятніцы 15:00 да нядзелі 12:30 я была ў ІЧУ Ленінскага раёну, мае дзеці былі без мяне, я абураная самым перабываннем, калі нас выклікалі на тры гадзіны, і, седзячы ў зале з усімі, я тройчы папярэджвала, што ў мяне маленькія дзеці».

Алег Вялаў, яшчэ адзін праціўнік заводу, аштрафаваны на 510 рублёў. Самыя актывісты звязваюць захады ўладаў з тым, што ў сувязі з блізкім запускам прадпрыемства пратэсты зноў сталі больш масавыя.

«Працаўнікі міліцыі вырашылі ўжыць рэпрэсіі ў дачыненні да самых актыўных праціўнікаў акумулятарнага заводу. Яны вырашылі перайсці да масавых судовых паседжанняў, бо адзінкавыя рэпрэсіі не даюць плёну», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Рэпрэсіі зазнаюць і журналісты, якія асвятляюць берасцейскія пратэсты. Гэтак, на фрылансэраў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву, што супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, пасля акцыяў міліцыянты складаюць пратаколы за працу без акрэдытацыі. Наступны суд іх чакае 30 красавіка.

Алесь Ляўчук, журналіст-фрылансер:

«Учора нас з Міланай Харытонавай выклікалі ў міліцыю і склалі адразу пяць пратаколаў. Па два пратаколы на нас за асвятленне пратэсту супраць акумулятарнага заводу, а на мяне склалі пратакол асабіста за тое, што быццам бы не выканаў законнага патрабавання міліцыі».

На заводзе «АйПаўэр» скончылі працэс усталявання лабараторнага абсталявання. Запуск прадпрыемства плануюць у траўні. А ўжо заўтра працягнецца судовы канвеер над праціўнікамі заводу. Разгляд яшчэ 10 справаў запланаваны на 25 і 26 красавіка.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары