Міліцыянта, які жорстка збіў двух берасцейцаў, пасадзілі


Прагучаў прысуд у справе берасцейскага экс-міліцынта. Дубінкай, нагамі, рукамі. Супрацоўнік МУС год таму жорстка збіў двух мужчынаў. Сёння ўжо былога сяржанта ўзялі пад варту ў залі суда. За кратамі ён правядзе нямала часу. Але не было на лаве падсудных іншых праваахоўнікаў, якія таксама бралі ўдзел у збіцці берасцейцаў, у справе яны фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы».

Шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для былога старэйшага сяржанта міліцыі Алега Самарчука. Суд Маскоўскага раёну Берасця прызнаў мужчыну вінаватым у збіцці Аляксандра Зехава і Сяргея Каляды.

Пацярпелы Сяргей Каляда:

– Як лічыце, прысуд адэкватны?

– Так, так.

– Ці вы задаволеныя?

– Я ўвогуле думаў, што яго з залы суда выпусцяць.

Таксама суд пастанавіў забараніць Самарчуку цягам пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцыяў прадстаўніка ўлады, і працаваць у МУС. Апроч таго, экс-міліцыянт мае скампенсаваць пацярпелым маральную шкоду, агулам восем тысячаў рублёў, і выдаткі на юрыдычную дапамогу.

«Ён ніякіх прабачэнняў нашай сям’і, нікому не прынёс. Нават не папрасіў прабачэння ў мяне, што здзейсніў такое. І ўсміхаўся сядзеў», – кажа пацярпелы Аляксандр Зехаў.

Былога берасцейскага міліцыянта абвінавацілі ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, спалучаных з гвалтам ды ўжываннем спецсродкаў. Пад сухім афіцыёзам хаваюцца паламаныя рэбры ды рука, выцятая грудная клетка і перадплечча, страсенне, чэрапна-мазгавая ды іншыя траўмы.

«Было нанесена Калядзе і Зехаву агулам не менш за дзесяць і трыццаць шматлікіх целавых пашкоджанняў. Таксама самастойна Самарчук здзейсніў надрэз гематомы, якая ўтварылася ў выніку збіцця пацярпелага Зехава», – заявіла пракурор Вольга Грыцкевіч.

Паводле пацярпелых ды сведкаў, у збіцці бралі ўдзел і іншыя міліцыянты – ад трох да пяці асобаў. Супраць іх распачалі крымінальную справу. Дзе, аднак, гэтыя супрацоўнікі фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы».

Прысутныя на паседжанні:

«Такія выпадкі сведчаць пра тое, што прафесійны адбор праводзіцца няякасна, нястрога».

«Я на сваім досведзе ўпэўніўся, што перавышаюць – і бʼюць, і катуюць».

«Я б сказаў, што гэта не адзінкавы выпадак. Шмат схавана. Гэта толькі вяршыня айсбергу. А што там унутры адбываецца – ой-ёй-ёй».

Адметна, што спачатку Маскоўскі РУУС спрабаваў зрабіць з патрульна-паставога Самарчука пацярпелага. У жніўні летась адбыўся суд па абвінавачанні Сяргея Каляды і Аляксандра Зехава ў перабыванні ў нецвярозым стане ды непадпарадкаванні міліцыі. Спроба правалілася. Пра што «Белсат» таксама распавядаў.

Прычынаю разбіральніцтваў, сённяшняга і папярэдняга, стаўся леташні інцыдэнт. Шостага траўня Сяргей Каляда і Аляксандр Зехаў адпачывалі ў кавярні «Казка». Паводле працаўнікоў установы, мужчыны паводзіліся прыстойна. Пасля, пакуль чакалі таксоўку, каб з’ехаць дадому, іх затрымалі, адвезлі ў пастарунак, дзе жорстка збілі.

Лола Бурыева, «Белсат»