Падпалкоўніка міліцыі, які паскардзіўся на начальства, запужваюць

Падпалкоўніка Ігара Вусіка з Крычаўскага аддзялення міліцыі адхілілі ад працы праз інтэрвʼю нашаму тэлеканалу і іншым медыям. Міністэрства ўнутраных справаў распачало адмысловую праверку, а афіцэрскі сход крычаўскіх міліцыянтаў прагаласаваў за выключэнне Вусіка са свайго складу. На гэтым фоне міліцыянт абмяжоўвае кантакты з незалежнымі журналістамі.

«Вы канкрэтна прапішыце, што Вусіка запужваюць, працаўнікоў запужваюць… Вы пытанне задайце міністру: ён бы працаваў у такіх умовах, у якіх мы працуем?», – зазначыў праваахоўнік у размове з «Белсатам».

На мінулым тыдні начальнік аддзелу аховы парадку і прафілактыкі Вусік распавёў «Белсату» пра злоўжыванні кіраўніцтва крычаўскай міліцыі. Паводле міліцыянта, падпалкоўнік Станіслаў Чупрын разам з намеснікам пазбаўлялі міліцыянтаў прэміяў, беспадстаўна пераводзілі на ўзмоцнены рэжым працы.

Пад поўным спісам злоўжыванняў кіраўніцтва Крычаўскага РАУС падпісаліся 11-ць міліцыянтаў, скаргу скіравалі кіраўніку МУС Ігару Шуневічу. Вынікі праверкі міністр агучыў сёння.

«Мы выявілі парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку кіраўніка раённага аддзялення, гэтак і з боку скаржніка, які ёсць фігурантам гэтага правярання. У выніку абодвух прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці», – праінфармаваў спадар Шуневіч.

Абвінавачанні ў бок кіраўніка крычаўскай міліцыі адпавядае рэчаіснасці

Але падрабязнасцяў вынікаў праверкі ў прэсавай службе МУС даваць не захацелі.

Паводле кіраўніка МУС, матэрыялы першай праверкі скіравалі ў Следчы камітэт. Пакуль жа Ігар Вусік падкрэслівае, што адпаведнага расследавання дзеянняў падпалкоўніка Чупрына і ягонага намесніка праведзена не было.

«Выкарыстанне службовага транспартавага сродку ў асабістых мэтах. Аўтамабіль ён выкарыстоўваў чатыры разы на дзень, жонку вазіў на працу. Ужо страты ёсць, калі палічыць за чатыры гады. Гэтаму не даецца прававой ацэнкі. Прававой ацэнкі таму, што зампаліт грошы збіраў, чаму не даецца? Чаму валакіта больш за два месяцы?», – распавядае падпалкоўнік.

Крычаўскія журналісты крыўды на Вусіка не трымаюць

Пра міліцэйскі канфлікт у Крычаве чулі далёка не ўсе, але апытаныя намі жыхары гораду ўпэўненыя, што за разгалошванне звестак, калі яны адпавядаюць рэчаіснасці, караць не трэба.

У прадстаўнікоў мясцовай незалежнай прэсы з Вусікам і ягоным аддзелам свая, не вельмі прыемная, гісторыя. Але ў гэтых абставінах крыўды яны не трымаюць.

«Мы хацелі б прапанаваць пэўную дапамогу, калі з міліцыянтаў за праўду пачынаюць проста здзекавацца. Хаця вядома, што гэты аддзел і частка людзей, якія працуюць у гэтым аддзеле ў Вусіка, яны працавалі раней па нас, па апазіцыі, па журналістах. Але зараз мы гатовыя не крыўдзіцца, і аказаць ім пэўную дапамогу», – пракаментаваў сітуацыю Сяргей Няроўны, рэдактар газеты «Вольны горад».

Са словаў Вусіка, цяпер сысці паводле згоды бакоў кіраўніцтва яму не дасць. Абяцаюць звольніць паводле дыскрэдытоўных абставінаў.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама