Міліцыянт збіў назіральніцу пры спробе зафіксаваць карусель


Апошнія кадры, якія паспела зняць Наталля Гарачка на выбарчым участку № 367 у Менску – перад тым, як камеру брутальна забраў дзяжурны міліцыянт.

«Ён пачаў нападаць на мяне, груба размаўляць і некалькі разоў ударыў па руцэ з камерай і нарэшце яе вырваў», – засведчыла спадарыня Наталля.

Бурлівую рэакцыю выклікала спроба назіральніцы зафіксаваць на камеру гэтак званую «выбарчую карусель».

«Людзі прыходзяць, становяцца ў чарзе, не пытацца адрас, яны дакладна ідуць да пэўнага стала, адзначаюцца, сыходзяць і яны ўсе ідуць у адзін мікрааўтобус, што зафіксавана мною на відэа», – дадала назіральніца.

Дзеянні жанчыны, аднак, прыйшліся не даспадобы старшыні выбарчай камісіі. Яна паабяцала выключыць Наталлю Гарачку з ліку назіральнікаў. І запэўніла нас, што датэрміновае галасаванне адбываецца без парушэнняў.

Ёсць доказы, але іх не бачаць

«Адносна аўтобуса, каруселі я вам дам адказ, я яго падрыхтавала. Куды аўтобус вазіў і каго. Калі ў вас ёсць падвойныя фотаздымкі – прадстаўце!», – паспрачалася Наталля Меншчыкава, старшыня выбарчай камісіі № 367.

Грамадскасць мае падцьверджанні «каруселі». На фотаздымках прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі групу людзей, якія аддавалі свае галасы паўторна на розных участках.

У выбарчыя камісіі ўжо скіраваныя шматлікія скаргі, але ці пачуе іх Цэнтрвыбаркам?

Парушэнні ды фальсіфікацыі набылі масавы характар

Масавыя парушэнні фіксуюць не толькі ў сталіцы. З гэткім стаўленнем нашая здымачная група сутыкнулася ў Смаргоні, дзе журналістаў «Белсату» прымусілі выключыць камеру.

На закрытасць выбарчых камісіяў скардзіцца і мясцовы кандыдат ад Абʼяданай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч, якому адмаўляюць у звестках пра датэрміновае галасаванне.

«Напэўна, гэта рэакцыя на тое, што мы тут робімся пільнымі ў сэнсе датэрміновага галасавання і кантралюем гэты працэс», – упэўнены Мікалай Уласевіч.

На кожным пятым участку незалежныя назіральнікі выявілі прымус да галасавання. Масавыя паходы да выбарчых скрыняў традыцыйна арганізоўваць навучальныя ўстановы.

«Кінулася ў вочы першыя тры дні назірання: студэнцтва ішло групамі галасаваць тры дні», – распавяла Тамара Станкевіч, назіральніца з Пінску.

Завышаную яўку зафіксавалі ўжо больш як на палове выбарчых участкаў па краіне.

Розніца з афіцыйнымі звесткамі не пакідае сумневаў пра наяўнасць фальсіфікацыяў, адзначае берасцейская кандыдатка ад БСДП Ганна Канюс.

«Паводле дадзеных назіральнікаў, прагаласавала дзесьці каля 50-ці выбарцаў, а па дадзеных камісіі – даходзіць да 150-ці», – звярнула ўвагу Ганна Канюс.

Усіх нязгодных з выбарчым працэсам апазіцыя заклікае далучацца да акцыяў пратэсту ў сталіцы. Ужо заўтра а палове на 15-ю правацэнтрысты ладзяць пікет каля гатэлю «Менск». У панядзелак а 18-й пратэставаць на Кастрычніцкую плошчу запрашае экс-кандыдат на прэзідэнта і былы палітвязень Мікола Статкевіч.

Вольга Жарнасек, «Белсат»