Міліцыянт з Віцебску атрымаў 2 гады пазбаўлення волі за ДТЗ, але ў турму не сеў


15-га красавіка на скрыжаванні вуліцаў Воінаў-інтэрнацыяналістаў і Чкалава ў Віцебску міліцэйскі УАЗ сутыкнуўся з маршрутнаю таксоўкаю нумар 17. У выніку ўдару мікрааўтобус з пасажырамі перакуліўся на бок.

«Міліцэйскі варанок ехаў з чырвонага, які пераходзіў у жоўты колер. Яны нясліся, па-першае, не рабілі ніякага тармажэння. А калі ўбачылі, што едзе маршрутка, яны не паспявалі яе аб’ехаць, толькі тады было тармажэнне. Сігнальнай сірэны яны не ўключалі. Хачу сказаць, што гэта неймавернае парушэнне з боку праваахоўных органаў», – распавядае сведка здарэння.

Адная з пасажырак маршруткі атрымала цяжкія пашкоджанні цела. Пацярпелі яшчэ дзве жанчыны і 7-мігадовае дзіця. На момант здарэння ў мікрааўтобусе былі сямёра пасажыраў.

«Злева УАЗік я бачыў выразна. Ён праехаў, я яму застапаў рух. З правага боку ніякіх апазнавальных сігналаў, папераджальных не было», – распавядае Міхаіл Таўпенец, кіроўца маршруткі.

На лаве падсудных апынуўся 23-гадовы Андрэй Волах. На момант здарэння ён праходзіў кантрактавую службу ў вайсковай частцы 5524 унутраных войскаў МУС у якасці кіроўцы. ДТЗ адбылося, калі патруль кіраваўся на выклік пра дапамогу. Са словаў Волаха, УАЗ ехаў з гукавою сігналізацыяй.

«Але ў нейкі момант гук знік. Я не магу патлумачыць чаму. Пры гэтым я не выключаў гукавую сігналізацыю і быў перакананы, што яна ёсць. Пра тое, што яе не было ў момант перасячэння скрыжавання, зразумеў, ужо праглядаючы відэа», – заявіў кіроўца патрульнага аўта Андрэй Волах.

Былога міліцыянта абвінавацілі ў парушэнні правілаў кіравання ці эксплуатацыі баявым, спецыяльным ці транспартавым аўтам, якое з неасцярожнасці пацягнула нанясенне цяжкіх целавых пашкоджанняў. Кіроўцу пагражала да 5-ці гадоў пазбаўлення волі.

«На падставе часткі 2 артыкулу 464 КК Рэспублікі Беларусь пакараць пазбаўленнем волі на тэрмін 2 гады з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартавых сродкаў на тэрмін 1 год».

Згодна з пастановаю суда, Андрэй Волах атрымаў адтэрмінаванне ад прысуду на 1 год. А гэта значыць, што ён застанецца на волі.

«Пасля таго, як мы параіліся з маім падабаронным, мяркуем, што мы не будзем абскарджваць прысуд. Завальняе тая адказнасць, якая прадугледжаная Волаху, майму падабароннаму. І спадзяемся, што прысуд набудзе законную моц», – кажа адвакат Андрэя Волаха Арцём Шароў.

Падсудны цалкам прызнаў сваю віну яшчэ на першым паседжанні і папрасіў прабачэння. Акрамя гэтага, ён сплаціў пацярпелым грошы за судовыя выдаткі.

«У яго жаданні былі дапамагчы людзям. Таму ён парушэнні гэтыя дапусціў. Не думаў, што так здарыцца», – кажа маці Андрэя Волаха Людміла.

Праз тры дні пасля аварыі ў Волаха нарадзілася дачка. Адразу пасля здарэння сяржанта звольнілі са службы. Ён уладкаваўся кіроўцам на птушкафабрыку, але з увагі на вырак застацца на гэтай працы ён не зможа.

«Правоў кіроўцы, на жаль, згодна з прысудам пазбаўлены на 1 год. Падсуднаму неабходна будзе ўладкоўвацца на новую працу. Але гэтае пытанне ўжо вырашальнае», – адзначыў адвакат Арцём Шароў.

Цяпер суд будзе разглядаць хадайніцтвы пацярпелых пра маральную і матэрыяльную кампенсацыі. Яны скіраваныя да перавозніка, якому належала маршрутная таксоўка, а таксама да вайсковай часткі, дзе Андрэй Волах праходзіў службу на момант здарэння.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Фота – Таццяна Пятрова, vk.com/vitebsk_news