«Міліцыя сталася біржай працы». Чаму краіна столькі выдае на суды і МУС?


Урад Сяргея Румаса і Нацбанк Беларусі паспрабуюць паскорыць рост эканомікі, пакуль дэпутаты Палаты прадстаўнікоў рыхтуюцца прыняць дэфіцытны бюджэт. Фінансавы план налета мае больш выдаткаў, чым прыбыткаў. На 11 адсоткаў больш сродкаў атрымае сацыяльная галіна, але айчынны спорт – адразу на траціну менш. У сілавікоў – стабільны рост бюджэту.

Сёння было «нулявое чытанне» бюджэту на наступны год. Імаверна што заўтра дэпутаты ўхваляць дакумент, у якім выдаткі на 15,6 % вышэйшыя за мінулагоднія. У сацыяльнай галіне найбольш грошай (на 14,7 %) атрымае медыцына, перад якой адпаведныя задачы.

«Да 2015 года ў нас будзе падвойны заробак у лекараў. Галоўнае аснасціць сучасным абсталяваннем і тэхнікаю лекараў», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

На аднаўленне абсталявання бюджэтных грошай можа хапіць. Пры адной умове:

«Калі сістэма закупак зменіцца, і ў гэтай сістэме будуць рынкавыя адносіны, і людзі змогуць заходзіць туды і гандляваць абсталяваннем, то канешне грошай хопіць. Гэта вялікая эканомія дзяржаўных сродкаў», – гаворыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Перадусім патрэбна ўкладаць у здароўе – лічыць большасць апытаных намі менчукоў:

«Грошы народу трэба выдаткоўваць на народ – на адукацыю і медыцыну».

«Трэба і свой народ аздараўляць, і прывабліваць да нас замежнікаў, бо спецыялісты ў нас добрыя».

«На медыцыну і на армію патрэбныя».

Колькасць праграмаў налета заўважна павялічыцца ў навуковай галіне – на 16 %, пра што вялося задоўга да распрацоўвання бюджэту.

Без неспадзяванак – у фінансаванні адукацыі, галоўнаю навіною ў якой мае стацца будаўніцтва новага ўніверсітэту для адмыслоўцаў у галіне IT.

Адукацыя (Br, млрд):

2018 – 0,877

2019 – 1,048

2020 – 1,178

Бачым, што ў апошнія 3 гады сціпла растуць выдаткі на культуру і медыі (Br, млрд):

2018 – 0,213

2019 – 0,298

2020 – 0,305

Затое адгукнуўся ў наступным бюджэце «крызіс спартовых паразаў». На 40 % упала фінансаванне спорту (Br, млрд):

2018 – 0,389

2019 – 0,332

2020 – 0,202 (- 39%)

«Спорт перастаў прыносіць прэстыж дзяржаве, прыносіць аўтарытэтныя дывідэнды кіраўніку краіны. Гэтых грошай усё меней. Большасць найбольш таленавітых, з тых, хто мае магчымасць, абавязкова з’язджае надоўга ў іншыя краіны», – тлумачыць спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла.

Сярод прычынаў – нізкія заробкі, што ўласціва не толькі гэтай галіне. Прэм’ер-міністр Румас запланаваў, што налета мінімальны па краіне павінен скласці Br 375 рублёў, а сярэдні – Br 1162 рублі. Што азначае рост у межах 10 % адсоткаў.

Прынамсі па частцы выдаткаў бюджэту ў экспертаў паўстаюць пытанні. На нацыянальную абарону, суды, бяспеку, пракуратуру і МУС у апошнія гады бюджэт расце прыкладна на Br 250 млн рублёў.

Абарона, праваахова і бяспека (Br, млрд):

2018 – 3,224

2019 – 3,552

2020 – 3,798

«Перад тым, як выдаткоўваць такія вялікія грошы на абарону, трэба спачатку правесці грамадскія слуханні. Стварыць камісію пры парламенце і зразумець, куды ідуць грошы?» – гаворыць Алег Волчак, Прававая дапамога насельніцтву.

Размеркаванне сродкаў у мінабароны – закрытая для грамадскасці тэма, як і выдаткі сілавікоў, колькасць якіх у Беларусі ў разы большая, чым у бальшыні краінаў свету.

«У нас міліцыя пераўтварылася ў біржу працы. Сялянскаму хлопцу няма чым заняцца, ён туды ідзе. Раней у бандыты ішлі, цяпер бандытаў няма, то ідуць у «мянты». А сэнсу там няма», – мяркуе жыхар Менску.

Гэты бюджэт з нязначнымі папраўкамі яшчэ да пераабрання маюць прыняць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Іх пераемнікі будуць фармаваць больш складаны бюджэт…

«Такія важныя падзеі, як выплаты доўгу Расеі за будаўніцтва АЭС, якія распачнем у 2021 годзе, вось там трасане Беларусь вельмі моцна», – каментуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Ужо пасля апублікавання галоўнага фінансавага плану на 2020 год можна будзе падлічыць, якую суму будзем вяртаць Расеі за Беларускую АЭС.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum