Аб'ектыў 23.02.2017 Міліцыя пужае праціўнікаў «дармаедскага» падатку


Пазбавіць пратэставы рух лідараў і напалохаць людзей. Гомельская міліцыя заклікае на пакуль «нефармальныя спатканні» тых, каго змагла апазнаць падчас масавага пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах. Лічаныя дні застаюцца да чарговых акцыяў у рэгіёнах.

Пратэставую хвалю супраць дэкрэту № 3 заўважылі ўлады

Каля дзясятка гомельцаў атрымалі нефармальныя запрашэнні ў міліцыю. Сярод іх грамадскія і прафсаюзныя актывісты, праваабаронцы, блогеры.

Прычына – іхны ўдзел у гомельскім Маршы недармаедаў у мінулую нядзелю. Цяпер міліцыянты хочуць скласці на іх пратаколы, маўляў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

На пытанне, ці збіраюцца яны складаць пратаколы на кожнага з трох тысяч удзельнікаў нядзельнай акцыі ў Гомлі, міліцыянты адказалі, што выклікаюць толькі тых, каго яны апазналі сярод удзельнікаў. Санкцыі ж даволі сурʼёзныя – нават адміністрацыйны арышт да 15 содняў.

Актывісты мяркуюць: гэта робіцца, каб запалохаць людзей і нейтралізаваць арганізатараў

«Зараз спрацуе самаарганізацыя. І ад кожнага гамельчука залежыць, будзе скасаваны дэкрэт ці не. Калі 25 сакавіка ў 12.00 выйдуць людзі, няважна, будуць там арганізатары ці не, але галоўнае, каб людзі былі на плошчы Паўстання», – упэўнены Васіль Палякоў, намеснік старшыні АГП.

Марш недармаедаў рыхтуюць у Бабруйску

Заяўку на акцыю мясцовыя актывісты падалі ў гарвыканкам. Паралельна збіралі подпісы за адмену гэтак званага падатку на дармаедства.

Пратэсты будуць працягвацца. У бліжэйшую нядзелю пратэставаць супраць дэкрэту нумар тры будуць у Берасці, Баранавічах і Віцебску. 15 сакавіка Марш недармаедаў пройдзе ў Менску. Чакаецца, што пратэставыя настроі тых, каго дзяржава палічыла дармаедамі, будуць гучаць і падчас традыцыйнага шэсця на Дзень Волі, 25 сакавіка.

Валерыя Уласік, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары